АНДАЛУЗІ́Т
(ад назвы гіст. вобл. Андалусія ў Іспаніі),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат, Al Al [SiO4]O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае прызматычныя крышталі, слупкаватыя, прамянёвыя агрэгаты і інш. Колер ружовы, шэры, карычневы, жоўты, чырвоны. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,1—3,2 г/см³. Андалузіт — характэрны мінерал метамарфічных сланцаў і гнейсаў. Трапляецца таксама ў рагавіках, другасных кварцытах, некаторых пегматытах і россыпах. На Беларусі — як акцэсорны мінерал у палеагенавых і неагенавых адкладах, трапляецца ў крышт. фундаменце, адкладах верхняга пратэразою, карбону, трыясу, мелу, марэнных і алювіяльных. Выкарыстоўваецца як сыравіна для высокагліназёмістых вогнетрывалых матэрыялаў і тонкакерамічных (ізалятары і інш.) вырабаў.
т. 1, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)