АНДРАДЫ́Т,

мінерал групы гранатаў, Ca3Fe2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі, зярністыя масы. Колер жоўты, зялёны, чырванавата- або жаўтавата-карычневы, карычневы або чорны. Бляск шкляны, алмазападобны. Цв. 6—7,5. Шчыльн. 3,86 г/см³. Кантактна-метасаматычнага паходжання. Тыповы мінерал вапняковых метамарфізаваных асадкавых парод, скарнаў, вулканічных парод і россыпаў. Абразіўны матэрыял.

Андрадыт.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРЫ ПАБЕ́ГЛАСЦІ,

радужная афарбоўка, якая ўзнікае на чыстай паверхні нагрэтай сталі ад паяўлення слоя аксідаў. Для вугляродзістай сталі характэрны колеры (з адпаведнай т-рай у °C): саломенны саламяны* (220), залацісты (230), карычневы (240), чырвона-карычневы (250), пурпуровы (260), фіялетавы (280), сіні (валошкавы, 300), светла-блакітны (320), светла-шэры (330—350). На легіраваных сталях гэтыя колеры з’яўляюцца пры больш высокіх т-рах.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬФЕНІ́Т (ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.​Вульфена),

мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв. каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.

Вульфеніт.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРУ́ШЧАНКА (Сяргей Іванавіч) (н. 31.1.1951, г. Чыта, Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Творчасць адметная шматзначнасцю вобразаў, стварэннем ілюзіі незавершанасці дзеі, абстрактна-каларыстычнымі пошукамі. Сярод твораў: карціны «Сонечнае зацьменне» (1988), «Якія збіраюць расу», «Тайная вячэра» (абедзве 1995), «Прасветы» (1996), «Падзенне», «Зямля бяжыць» (абедзве 1997), пейзажы «Месяцовы шлях (Начная дарога)» (1982), «Мінск», «Петрапаўлаўская царква», «На малочным возеры» (абодва 1983), партрэты маці (1977), мастачкі Т.​Сакаловай (1978), «Нацюрморт з чашамі» (1991), «Карычневы нацюрморт», «Нацюрморт з гранатамі і грушамі» (абодва 1992), «Блакітны і карычневы» (1993) і інш.

М.​М.​Паграноўскі.

С.Кірушчанка. Прасветы. 1996.

т. 8, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛАВО́К, таўкачык (Amanitopsis),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Некалькі відаў, якія адрозніваюцца колерам шапкі. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі 3 віды і 1 разнавіднасць. Трапляюцца ў светлых лясах, на ўзлесках, на глебе сярод травы з чэрв. па вер. П.: беласнежны (A. nivalis), жоўта-карычневы (A. fulva), шэры (A. vaginata).

Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 3—9 см з гафрыраваным краем, у маладога грыба — званочкападобная, потым плоская, ад белай да карычневай, з рэшткамі агульнага пакрывала. Пласцінкі свабодныя, белыя, шырокія. Ножка даўж. 7—20 см, белая, полая, каля асновы з шырокай тоўстай вольвай (похвай). Споравы парашок белы. Ядомыя. Мікарызаўтваральнікі.

Паплавок: 1 — шэры; 2 — жоўта-карычневы.

т. 12, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАФІЛІ́Т (ад грэч. anthos колер + phyllon ліст),

мінерал з групы рамбічных амфіболаў (Mg, Fe)7[Si4O11]2(OH)2. Крышталі слупкаватыя, агрэгаты валакністыя. Колер шэры, зялёны, карычневы. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 2,85—3,2 г/см³. Трапляецца ў крышталічных сланцах, серпенцінітах. Багатая жалезам валакністая разнавіднасць выкарыстоўваецца як гатунак азбесту.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНАДЫНІ́Т,

мінерал класа ванадатаў, хлорванадат свінцу, Pb5[Cl/(VO4)3]. Прымесі кальцыю, фосфару, мыш’яку. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, пупышкападобныя і зямлістыя масы. Колер чырвоны, карычневы, жоўты. Бляск смалісты да паўалмазнага. Цв. 2,75—3. Шчыльн. 6,9 г/см³. Трапляецца ў зонах акіслення свінцовых радовішчаў. У вял. скопішчах — ванадыевая руда (радовішча Берг-Аўкас, Намібія).

Ванадыніт.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬВІ́Н (ад лац. helvus бурштынава-жоўты),

мінерал, берыласілікат падкласа каркасных сілікатаў 3Mn[BeSiO4]∙MnS. Пастаянныя прымесі жалеза і цынку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя агрэгаты. Колер жоўты, жоўта-зялёны, карычневы і інш. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 5,5—6,5. Крохкі. Шчыльн. 3,2—3,5 г/см³. Трапляецца ў грэйзенах, скарнах, пегматытах, палевашпатавых метасаматытах. Руда берылію.

Гельвін.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМІ́Н, гемімарфіт,

мінерал класа астраўных сілікатаў, водны гідраксілсілікат цынку, Zn4[Si2O7][OH]2xH2O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя або прызматычныя. Агрэгаты валакністыя, радыяльна-прамянёвыя, зярністыя і інш. Колер белы, жоўты, карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 4—5. Крохкі. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення свінцова-цынкавых радовішчаў. Руда цынку.

Каламін.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСІ́Т (ад прозвішча амер. мінералога А.​Бруса),

мінерал падкласа гідраксідаў, гідраксід магнію, Mg(OH)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя. Звычайна ў выглядзе ліставатых агрэгатаў. Колер белы, зеленаваты, карычневы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск васковы. Цв. 2,5. Шчыльн. 2,39 г/см³. Трапляецца ў выглядзе пражылкаў у серпенцінітах і мармурызаваных вапняках. Сыравіна для керамічнай і папяровай прам-сці, вогнетрывалых матэрыялаў.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)