БІЯТЫ́Т
(ад прозвішча франц. вучонага Ж.Б.Біо),
мінерал класа сілікатаў з групы слюдаў, K(Mg,Fe)3[AlSi3O10](OH,Fe)2. Мае шмат розных прымесяў. Высокажалезісты біятыт наз. лепідамеланам, магнезіяльны — флагапітам.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя, лускаватыя. Колер чорны, карычневы, буры. Бляск шкляны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 2,7—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал вывергнутых і метамарфічных горных парод; у пегматытах бываюць крышталі пл. да 7 м². У асадкавых пародах Беларусі трапляецца ўсюды. Выкарыстоўваецца для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод аргонавым і стронцыевым метадамі, вытв-сці змазак, бронзавай фарбы, электраізаляцыйных матэрыялаў, дэкар. цэменту, у аптычным прыладабудаванні.
т. 3, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)