Та́я — указальны займ. ж. р. ад той (Нас., Ласт., Вруб.), ст.-бел. таꙗ, таѧ ’тс’ (XVI ст., Карскі 2–3, 194; Альтбаўэр), сюды ж эўфемізм та́я ’задніца’ (Пятк. 2), ’рэч ці асоба, якой тут няма’ (Варл.), та́я ха́та ’святліца’ (пруж., Нар. скарбы), та́я сла́ва ’толькі знак’ (драг., З нар. сл.), та́ято (та́јато) ’вось тая’ (Вруб.). Параўн. укр., рус. дыял. та́я, стараж.-рус. таꙗ, макед. таа. Узыходзіць як форма ж. р. да *tъ‑jь (гл. той, то), неўскладненая форма та сустракаецца ў гаворках: і та гаворыць і та (ТС), паводле Карскага (2–3, 194), пад рускім ці польскім уплывам, аднак, магчыма і другаснае сцяжэнне з пропускам ‑j‑, параўн. таа (бых., Рам. 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тымчасо́вы ‘зроблены за невялікі прамежак часу’ (Нас.), ‘часовы, да часу’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Яруш., Вруб.), тымчасо́ва ‘часова’ (Байк. і Некр.), тым‑часо́во ‘тс’ (Скарбы). Утвораны ад спалучэння тым часам ‘тс’, ‘на пэўны час’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), тым часом ‘тс’ (ТС), гл. тым, часам, час, паводле Карскага (2–3, 75), можа спрашчацца да тымча́с ‘тады’. Беларуска-ўкраінска-польская ізалекса: укр. тимча́сом (як), польск. tymczasem, ст.-польск. temczasem ‘менавіта ў гэты час, калі што-небудзь іншае адбываецца’, ‘зараз’, ‘аднак’, ‘нягледзячы на’ (Борысь, 659). Паводле Віткоўскага (Słownik, 185), рус. тем часом ‘у той час’ (1731 г.) запазычана з польскай мовы, хутчэй за ўсё, праз беларускую.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няма́ш ’няма’ (Нас., Касп., Гарэц., Сцяш.), нема́ш ’тс’ (ТС), німаш ’тс’ (Грыг., Касп., Бяльк., Сцяшк., Нік. Очерки, Сл. ПЗБ), сюды ж няма́шака (немашака, нямашка, німашака, нема́шэка, немашыка, нямашыка) ’тс’ (Нас., Гарэц., Касп., Шат., Мал.; мазыр., Шн. 2, Яруш., Гарэц., Сцяшк., Янк. 1, Яўс., Жд. 1, Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг., Сл. Брэс., Мат. Гом.), нямашацька, нямашытка, нямашачка ’тс’ (Грыг., Бяльк., Нік. Очерки, Мат. Маг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. немашъ (нимашъ) ’тс’ (XVI ст.). Паводле Карскага (2–3, 77; 369), форма 2 ас. адз. л. ад мець (< не маеш з кантракцыяй), аднак з большай верагоднасцю трактуецца як паланізм (< nie masz ’тс’, параўн. Карскі 2–3, 254; Кюнэ, Poln., 81; Булыка, Лекс. запазыч., 200), чаму ўсё ж пярэчыць надзвычай шырокае распаўсюджанне па ўсёй Беларусі. Грунтуючыся на прыслоўях тамашака, дармашака, суадносных з няма́шака (‑ка т. зв. пусты суфікс), Шуба (Прысл., 63) выводзіць ‑ш‑ з часціцы ж (гл.), што ў словах нямаш, тамаш, дармаш перастала ўспрымацца як часціца, параўн. немаж часу (мазыр., Мат.). Паводле Карскага (2–3, 69), формы алешака, дармашака ўтвораны пад уплывам нямаш, нямашака. Паходжанне канцавога зычнага (‑sz ці ż) дыскутавалася і ў польскай мове, параўн. Хмелёвец, PJ, 1921, 123–126. Цікавая абагульненая форма nimaš (jo sym nimaš, tyź nimaš, un nimaš) сустракаецца на польска-чэшскім паграніччы (JP, 44, 41), якая разглядаецца як кантактны («этычны») варыянт да nima (ESSJ SG, 2, 109). Няясна. На распаўсюджанне беларускага слова магло паўплываць літ. nėmàž ’німала, ніколькі, нічуць’ (ад mãžas ’малы, маленькі’, mažaĩ ’мала’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял. Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс. экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн. экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.​М.​Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.​І.​Эпімах-Шыпілы, К.​Б.​Езавітава, Ф.​Г.​Шантара і інш. Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АН БССР, манаграфіі і публікацыі М.​В.​Доўнар-Запольскага, Дз.​І.​Даўгялы, Я.​Ф.​Карскага, А.​П.​Сапунова, У.​І.​Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.

Літ.:

Издания Правительственной библиотеки им. А.​М.​Горького. Мн., 1983.

В.​М.​Герасімаў.

т. 3, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТМІКА (ад. грэч. rhythmikos які адносіцца да рытму) у вершаскладанні, 1) рытмічнае разгортванне слоўных адзінак у часе, характэрнае для асобнага верша, твора, цыкла, зборніка або ўсёй творчасці пэўнага аўтара.

2) Раздзел вершаскладання, які вывучае рытмічную будову нац. верша ў яго гіст. развіцці ці ў кантэксце. Звычайна Р. афармляецца ў выглядзе метрычных схем і графікі памераў. Асн. памеры: ямб, харэй, спандэй, пірыхій, дактыль, амфібрахій, анапест. Яны выкарыстоўваюцца для апісання і характарыстыкі рытмічнай пабудовы, аднак гэта сістэма недастатковая. Ствараючы твор, паэт звычайна не кіруецца пэўнай схемай, таму для аналізу верша магчыма выкарыстанне і муз. прыёмаў, прымаючы пад увагу, што Р. ў паэзіі суадпаведная Р. ў музыцы. Есць тэорыя акустычнай метрыкі, якая грунтуецца на аб’ектыўных даных, атрыманых з дапамогай пэўных прыбораў. Але ўсе гэтыя тэорыі не могуць будавацца без уліку семантыкі тэксту, значэння слоў у вершы. Вывучэнне еўрап. Р. пачалося ў антычнасці. Найб. поўна Р., названая «прасодыяй», распрацавана ў эпоху Адраджэння. На Беларусі першыя спробы распрацоўкі Р. звязаны з імёнамі Л.​Зізанія і М.​Сматрыцкага. У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся працы Я.​Карскага, І.​Насовіча, М.​Багдановіча. Іх традыцыі працягвалі Я.​Барычэўскі, Ю.​Бярозка, А.​Вазнясенскі, У.​Дубоўка. Сістэматычнае вывучэнне Р. пачалося ў канцы 1960-х г., калі з’явіліся спец. працы М.​Грынчыка, В.​Рагойшы, І.​Ралько, М.​Янкоўскага, А.​Яскевіча і інш. Яны стварылі аснову для вывучэння Р. як эстэт. з’явы, распрацавалі асн. прынцыпы аналізу, хоць і сёння многія пытанні, звязаныя з рытміка-кампазіцыйнай арганізацыяй верша, інтанацыяй, мелодыкай не вывучаны.

Р. ў музыцы, 1) сукупнасць муз. гукаў і іх спалучэнняў, якія характарызуюць асаблівасці рытму ў пэўным стылі (аўтара, эпохі), жанры ці асобным творы і інш. (напр., Р. бел. карагодна-гульнявой песні).

2) Вучэнне пра рытм. Самаст. частка ант. і сярэдневяковай тэорыі музыкі; пазней адзін з важных элементаў вучэння пра кантрапункт і форму музычную. У сучаснай сістэме муз. адукацыі адзін з асн. раздзелаў элементарнай тэорыі музыкі і аналізу муз. твораў.

3) Сістэма маст. выхавання рытмавага пачуцця; вучэбная дысцыпліна, засн. на спец. фіз. практыкаваннях пад музыку. Садзейнічае развіццю муз. слыху і памяці. Выпрацоўвае адчуванне пластыкі муз. руху, яго памеру і тэмпу. Можа выкарыстоўвацца для выпраўлення фіз. недахопаў чалавека (у выглядзе аэробікі). Распаўсюджана ў Зах. Еўропе. Пашыраецца і на Беларусі.

Т.​І.​Шамякіна (літаратура), М.​В.​Шыманскі (музыка).

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́лымя ’агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць’ (ТСБМ), по́лымʼе, по́ломʼе ’тс’ (ТС), сюды ж по́лань (Сл. ПЗБ), по́лынь ’тс’ (Нар. сл.), ст.-бел. поломѧ (XVI ст.). Укр. по́лумʼя, рус. поломя, по́лымя, пламя, польск. płomień, н.-луж. płomje, в.-луж. płomjo, чэш. plamen, славац. plameň, славен. plámen, серб.-харв. пла̏мен, балг. пла́мен, пла́мък, плам, ст.-слав. пламы, пламень. Прасл. *polmy, *polmenь: аснова *polmen‑ (дзе ‑men‑ — суфікс, параўн. пол ’полымя’ (Сл. ПЗБ)), ад *polti, *polěti ’палаць’ (гл. пала́ць); роднаснае літ. pelenaĩ ’попел’, лат. pę́lni ’тс’, ст.-прус. pelanno, літ. pelẽnė ’ачаг’, магчыма, таксама алб. pjalmë ’слуп пылу’ (Фасмер, 3, 273). Паводле Карскага (1, 254), формы з ‑лы‑ другасныя, у выніку аналогіі да слоў тыпу блыха́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ніж ’чым, як’ (слонім., Нар. словатв., ТС), нэж ’тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. нижъ, нижь ’тс’, укр. ніж ’тс’, польск. niż ’тс’, чэш., славац. než, н.-луж., niž ’тс’, в.-луж. njež ’тс’. Скарочаны варыянт *neže (ne + že), параўн. ст.-слав. неже (Махэк₂, 398; ESSJ SG, 2, 459), адносна бел. і ўкр. форм з ‑і‑ выказваецца меркаванне пра запазычанне з польскай мовы (ESSJ SG, 2, 456; Карскі, 1, 198), аднак тут магчыма адмоўе ні, якое, паводле Карскага (1, 187), «у беларускай змешваецца з не», што дазваляе рэканструяваць зыходнае *niže (ni + že), параўн. ESSJ SG, 2, 456. Ст.-бел. нижли, нижьли, нижели (XVI ст.), сучаснае ніжлі ’чым, як’ (Нас.) (*ne‑že‑li або *ni‑že‑li), разглядаецца як паланізм (Карскі, 1, 187, 198).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суро́кі ’паводле забабонных уяўленняў — няшчасце, хвароба, пашкоджанне, прынесеныя каму-небудзь нядобрым вокам’ (ТСБМ; круп., докш., барыс., Сл. ПЗБ; усх.-маг., ЛА, 3; Растарг.), суро́цы ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шн. 3, Гарэц., Нік., Оч., Касп., Бяльк., Растарг., ЛА, 3), суро́чыць ’зракнуць’ (Касп., Некр. і Байк., Ласт., Шн. 3, Нас., ТС, ЛА, 3). Рус. смал. суро́к ’урокі’, изуро́к ’тс’. Ад *sǫ і *rokъ (гл. су- і рок); паводле Фасмера (3, 808), першаснае значэнне — ’пашкоджанне, няшчасце, прынесеныя нядобрым словам’, параўн. урок, уроцы (гл.). Хутчэй адваротны дэрыват ад прыставачнага сурочыць, гл. уракаць, уракці. Паводле Карскага (1, 365), формы на ‑цы — глыбокі архаізм з памякчэннем зыходнага заднеязычнага перад другасным і, якія пасля дээтымалагізаваліся пад уплывам назваў хвароб тыпу сухоты, пранцы і пад., гл. Карскі 2–3, 136, 331.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трае́цкі — прым. ад Тройца ’Святая Тройца, свята Сёмуха’: трое́цькый ты́ждэнь ’тыдзень пасля Сёмухі’, трае́цкія дзяды́ (трае́цкые деды́) ’памінальныя дні перад Тройцай’ (гом., Талстая, Полес.), трое́цькый ты́ждэнь ’тыдзень пасля Сёмухі’ (маляр., там жа), трое́цкый грыб ’агульная назва вясновых грыбоў’ (пін., Жыв. сл.), трое́цкі грыб ’ранні, веснавы баравік’ (ТС), сюды ж урбанонімы Трае́цкая гара, Трае́цкае прадмесце ў Мінску, Трае́цкая царква́ ў Віцебску, ст.-бел. троецького (1532 г.), троецкиѣ (1624 г.), гл. Карскі, 1, 226. Гл. Тройца; паводле Карскага (там жа), форма з е на месцы jь з’яўляецца заканамерным утварэннем. Параўн. таксама трое́чны ты́дзень ’тыдзень, на які прыпадае Сёмуха’ (ТС), трое́шны ты́ждень ’тс’ (лельч., Талстая, Полес.), відаць, ад Тро́ечка, Трое́шнік ’Сёмуха’ (там жа) з народнаэтымалагічным набліжэннем да тройка, тройчы (гл.), параўн. трае́чны ’трайны’ (Некр. і Байк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МУРАЎЁЎ (Міхаіл Мікалаевіч [12) (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),

граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл. Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац. апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).

Літ.:

Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863—1865 гг.: (Муравьевское время). СПб., 1898;

Паўловіч І., Лукашэвіч А. Талент, аддадзены праклёну // Культура. 1994. 26 студз., 2 лют.;

Таляронак С.В. Генерал М.​М.​Мураўёў-Віленскі. Мн.. 1998.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)