АЛЕ́НЬ ВЫСАКАРО́ДНЫ (Cervus elaphus),

млекакормячае з сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. Мае шмат падвідаў, якія адрозніваюцца памерамі, рагамі і афарбоўкай (марал, ізюбр, вапіці і інш.). На Беларусі жыве ў мяшаных лясах з развітым падлескам паблізу вадаёмаў і лугоў Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, Бярэзінскага запаведніка.

Даўж. цела да 2,6 м, выш. да 1,5 м, маса да 340 кг. Хвост кароткі. Рогі толькі ў самцоў (кожнай вясной скідаюць). Корміцца лісцем і парасткамі раслін, зімой — карой, пупышкамі і парасткамі. Палавая спеласць у 2 гады. Гон увосень. Цяжарнасць 8,5 мес. Ацёл у чэрв.—ліпень. Нараджае штогод 1, зрэдку 2 цяляці. Аб’ект промыслу і гадоўлі.

Алень высакародны.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГА́ТАРЫ (Alligatoridae),

сямейства паўзуноў атр. кракадзілаў. Уключае ўласна алігатараў (Alligator) і кайманаў. Жывуць пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы ў прэсных вадаёмах; выключэнне — кітайскі алігатар (A. sinensis), жыве ў р. Янцзы.

Уласна алігатараў 2 віды: місісіпскі алігатар (A. mississippiensis) даўж. да 5,8 м, водзіцца ў балотах Фларыды (ЗША) і кітайскі алігатар да 2,5 м. Маюць добра развіты мозг, 4-камернае сэрца, перапонку паміж пальцамі пярэдніх ног. Морда шырокая і кароткая. Драпежнікі. Маладыя кормяцца насякомымі і ракападобнымі, дарослыя — рыбай, жабамі, птушкамі, млекакормячымі. У выніку інтэнсіўнага промыслу на скуру і мяса алігатараў іх колькасць вельмі скарацілася. У шэрагу краін створаны буйныя гадавальнікі для штучнага развядзення алігатараў.

Алігатары: 1 — місісіпскі; 2 — кайманавы; 3 — кітайскі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́РЫ (Homaridae),

сямейства дзесяціногіх марскіх ракаў. 36 відаў. Водзяцца ў Атлантычным ак. і ў злучаных з ім морах. Нагадваюць рачных ракаў, але большыя памерамі. Найб. вядомыя: еўрапейскі амар (Homarus gammarus), даўж. да 65 см, маса да 11 кг; амерыканскі амар (H. americanus), даўж. да 63 см, маса 15 кг; нарвежскі амар (Nephrops norvegicus), даўж. да 32 см, маса 7 кг.

Жывуць на скалістым, камяністым або жвірыстым грунце. Удзень хаваюцца сярод камянёў, ноччу кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі. Характэрна наяўнасць магутных клюшняў на першай пары хадзільных ног, наступныя 2 пары з клюшнямі меншых памераў. Растуць павольна, жывуць да 50 гадоў. Палавой спеласці дасягаюць на 6-м годзе. Далікатэс, аб’ект промыслу і развядзення.

Амар еўрапейскі.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІРЫ́НТАВЫЯ (Anabantidae),

сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 20 родаў, 40 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах трапічнай і Паўд. Афрыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у стаячых ці з павольнай плынню вадаёмах з падводнай расліннасцю.

Даўж. да 60 см (гурамі). Маюць надшчэлепны орган з пласціністых вырастаў, укрытых слізістай абалонкай са шматлікімі дробнымі крывяноснымі сасудамі (лабірынтавы апарат, — адсюль назва), з дапамогай якога могуць дыхаць атм. паветрам. Анабасы, або рыбы-паўзуны, могуць доўгі час заставацца без вады, зарываюцца ў мул або перапаўзаюць па сушы ў другі вадаём. Кормяцца воднымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу і развядзення. Многія віды ўтрымліваюць у акварыумах (байцовая рыбка, або пеўнік, гурамі, ляліус, макрапод і інш.).

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬМА́РЫ (Teuthida),

атрад галаваногіх малюскаў. 2 падатр., 25 сям., больш як 85 родаў, больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах.

Даўж. ад 2 см да 5 м, гіганцкіх К. (Architeuthis) да 18 м; маса больш за 300 кг (зрэдку да 1 т). Цела падоўжанае, верацёнападобнае. На галаве 8 рук і 2 шчупальцы. Вочы вялікія. Шкілет — вузкая рагавая пласцінка. Ёсць радула і чарнільны мяшок. Мелкаводныя К. здольны мяняць афарбоўку, глыбакаводныя — амаль празрыстыя ці аднатонныя. Многія К. маюць органы свячэння. Адкладваюць яйцы. Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Корм кашалотаў і інш. кітападобных, рыб, птушак, ластаногіх. Многія — аб’екты промыслу, сыравіна для фармацэўтычнай прам-сці.

Кальмары: 1 — абраліёпсіс; 2 — вампір страшэнны.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́МЖА, ласось-таймень (Salmo trutta),

рыба сям. ласасёвых. Некалькі падвідаў, у т. л. аральскі, каспійскі, чарнаморскі ласосі. Тыповая К. — прахадная форма, пашырана ў прыбярэжных раёнах мораў Еўропы. Ёсць прэснаводная жылая форма — азёрная і рачная фарэль, або стронга. На Беларусі К. трапляецца рэдка (бас. р. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман).

Даўж. да 1 м, маса да 13 кг (каспійскі ласось да 51 кг). На целе і спінным плаўніку дробныя чорныя плямкі, у час нерасту ў самцоў ружаватыя акруглыя плямы Корміцца рыбай, буйнымі ракападобнымі. Нерастуе ўвосень у рэках, моладзь жыве ў прэснай вадзе 1—7 гадоў, потым мігрыруе ў мора. Аб’ект промыслу і развядзення.

Кумжа: 1 — прахадная, 2 — самец у нераставым стане.

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦЫ (Martes),

род млекакормячых сям. куніцавых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць пераважна ў лясах, расколінах скал, трапляюцца ў паселішчах. У прыродзе вядомы гібрыд собаля і К. лясной — кідас. На Беларусі 2 віды: К. каменная (M. foina), нар. назва беладушка, і К. лясная (M. martes), нар. назва жаўтадушка.

Даўж. цела да 80 см, хваста да 50 см, маса да 8 кг. Тулава выцягнутае, гібкае. Футра мяккае, пушыстае, у афарбоўцы пераважаюць бурыя і карычневыя адценні. На горле і грудзях звычайна светлая пляма. Селяцца ў дуплах, гнёздах буйных птушак і вавёрак. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, арэхамі, ягадамі, пладамі. Пераважна палігамы. Нараджаюць 1—8 дзіцянят. Аб’ект промыслу і зверагадоўлі.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́БЫ, караткахвостыя ракі (Brachyura),

атрад (падатрад) дзесяціногіх ракападобных. Больш за 4000 відаў. Пашыраны ў морах, прэсных водах і на сушы, пераважна ў тропіках.

Шыр. галавагруднага шчыта (карапакса) 2—60 см. Галава маленькая, у паглыбленні пад краем карапакса. Вочы фасетачныя. 1-я пара хадзільных ног мае клюшні. Брушка кароткае, падагнутае пад сківіцагрудзі. Брушныя канечнасці ў самца (1—2 пары) зменены ў капулятыўны орган, у самкі (4 пары) служаць для выношвання ікры. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Усе К., акрамя прэснаводных, размнажаюцца ў моры. Развіццё з метамарфозам. Некат. К. могуць мяняць афарбоўку цела. Здольныя да аўтатаміі і рэгенерацыі канечнасцей. Аб’екты промыслу.

Крабы: 1 — пальмавы злодзей; 2 — пенеус японскі; 3 — гекарсінус; 4 — стэнарынкус.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРНАКАПЫ́ТНЫЯ (Artiodactyla),

атрад млекакормячых; 2 падатр.: няжвачныя (сям. свіных, пекарыевых, бегемотавых) і жвачныя. Больш за 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. На Беларусі — алень высакародны, дзік, еўрапейскія зубр і казуля, лось, а таксама с.-г. жывёлы — свінні, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла. Дзікія П. — аб’екты палявання і промыслу. У Чырв. кнізе Беларусі — 1 від (зубр). У Чырв. кнізе МСАП 21 від.

У большасці П. добра развіта валасяное покрыва, ногі прыстасаваны для хуткага бегу, маюць 2—4 пальцы з рагавымі чахламі — капытамі (найб. развіты 3-і і 4-ы пальцы), ключыца адсутнічае. Расліннаедныя, дзік — усёедны. Характэрны палавы дымарфізм. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (да 8) дзіцяняці.

П.​Р.​Козла.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯККАЦЕ́ЛЫЯ ЧАРАПА́ХІ, мяккаскурыя чарапахі,

мяккія чарапахі (Trionychoidea),

падатрад прэснаводных чарапах. 2 сям.: двухкіпцюровыя чарапахі (Carettochelyidae) — 1 від, пашыраны ў Паўн. Аўстраліі, на в-ве Н. Гвінея, і трохкіпцюровыя чарапахі, або трыоніксы (Trionychidae) — 6 або 7 родаў, 22 віды; пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы.

Даўж. да 90 см. Цела і сплошчаны касцявы панцыр укрыты мяккай скурай без рагавых шчыткоў (адсюль назва). Галава з мяккім хабатком, на канцы якога знаходзяцца ноздры. Лапы шырокія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Здольныя трымацца пад вадой да 15 гадз. Кормяцца раслінамі і жывёламі (насякомыя, ракападобныя, малюскі, рыбы, земнаводныя і інш.). У Азіі — аб’ект промыслу (мяса, яйцы).

Да арт. Мяккацелыя чарапахі: 1 — трыонікс кітайскі, або далёкаўсходняя чарапаха; 2 — трыонікс калючы.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)