СО́БАЛЬ (Martes zibellina),

млекакормячае роду куніц сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі. Утварае некалькі геагр. форм (далёкаўсходні, забайкальскі, камчацкі і інш.). Жыве ў тайзе. На Беларусі трапляўся да 16 ст.; вынішчаны.

Даўж. цела да 58 см, хваста да 19 см, маса да 1,9 кг. Самцы буйнейшыя за самак. Лапы кароткія, шырокія, падэшвы ўкрыты поўсцю. Футра густое, пушыстае, шаўкавістае. Афарбоўка ад жоўта-бурай да чорна-бурай. На горле і грудзях жоўтая пляма. Усёедны. Нараджае да 7 дзіцянят. Пры скрыжаванні з куніцай утварае гібрыды — кідасы (кідусы). Аб’ект промыслу і зверагадоўлі.

Э.​Р.​Самусенка.

Собаль.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)