ШЧУПА́К звычайны

(Esox lucius),

рыба сям. шчупаковых. Пашыраны ў прэсных водах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве звычайна ў прыбярэжнай зоне, у водных зарасніках, у непраточных ці слабапраточных водах. На Беларусі трапляецца паўсюдна.

Даўж. да 1,5 м, маса да 35 кг (звычайна да 1 м і 8 кг). Цела тарпедападобнае, галава вял., пашча шырокая. Афарбоўка зменлівая, залежыць ад асяроддзя: шэра-зеленаватая, шэра-жаўтаватая, шэра-бурая, спіна цямнейшая, бакі з буйнымі бурымі ці аліўкавымі плямамі, якія ўтвараюць папярочныя палосы. Няпарныя плаўнікі жаўтавата-шэрыя, бурыя з цёмнымі плямамі; парныя — аранжавыя. Корміцца пераважна рыбай. Аб’ект промыслу і развядзення.

Шчупак.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)