Мдле ’ваніты’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. мдле запазычана са ст.-польск. mdle ’стан слабасці’, ’стан, калі цягне на ваніты’, як і іншыя ст.-бел. мдлети ’млець, слабець’ < ст.-польск. mdleć, мкглый < mgły, мдлый ’аслаблены, вялы, сумны’ (> мдлявый, млявый), ст.-польск. mdły ’тс’, мдлость (XV ст.) < ст.-польск. mdłość (Карскі, Труды, 312; Булыка, Запазыч., 200; Булахаў, Гіст., 130; Жураўскі, Крамко, Зб. Крапіве, 141; Ташыцкі, SFPiSł, 2 (1957), 230–460). Махэк (356), аднак, выводзіць прасл. mьdlěti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пахулі́ць ’даручыць’ (б.-каш., Мат. Гом.). Да па‑ і рус., ц.-слав. хулити ’абвінавачваць, ганіць, знеслаўляць’, хула ’паклёп, абгавор’, якія, аднак, на беларускай тэрыторыі набылі працілеглае значэнне, параўн. хула табе, Божа ’хвала, слава’ (Касп.) < прасл. xula (xuliti), роднаснае з xvala < і.-е. *sou-l-: su̯‑ō‑l‑ (гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 115), гл. хваліць. У б.-каш. пахуліць таксама маецца перанос значэння ў станоўчы рэгістр ’даручыць, дазволіць (пільнаваць сад)’ (гл. крыніцу).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірзія́1 ’чалавек, які гаворыць абы-што’; ’лухта’ (Бяльк.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне са старым суф. ‑ьja (як суддзя < sǫdьji). Да вярзці́ (гл.). Гл. яшчэ вярза́.

Вірзія́2 ’вялікі чалавек’ (Бяльк.). Кантамінаваная назва ад вірзія1 і вядомага ва ўсх.-маг. гаворках рус. верзила ’бамбіза, вялікі чалавек’, этымалогія якога няясная. Аднак, паводле семантыкі, лексему можна супаставіць з гоц. *wrisila, якое магло даць слав. vьrzila, параўн. ст.-н.-франц. wrisil, ст.-сакс. wrisitīk ’гіганцкі, магутны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ган ’недахоп’ (Нас., Касп.). Каспяровіч параўновае гэта слова з зага́на ’тс’. Аднак лепш параўноўваць (бо фармальна стаіць бліжэй) з укр. га́на ’бессаромнасць, сорам, ганьба’, польск. gana, чэш. hana і г. д., якія адносяцца да слав. *ganiti ’ганьбіць і да т. п.’ (бел. га́ніць, укр. га́нити, рус. дыял. га́нить, польск. ganić, чэш. haniti). Аб слав. *ganiti падрабязней гл. Слаўскі, 1, 254–255 (там і агляд літ-ры). Форма ган, мусіць, нейкае беларускае новаўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́зла1 ’чараўніцтва’ (полацк., Суднік, вусн. паведамл.). Параўн. чэш. kouzle, славац. kuzio, в.-луж. kuzio ’тс’. Да *kuzlo ’коўка’ (< zkovali) (Фасмер, 2, 402). Суфіксацыя на ‑slo (SP, 1, 103–104). Параўн., аднак, кузла2.

Ку́зла2 ’закрутка з каласоў на ніве жыта, зробленая з мэтай чараўніцтва’ (Сл. паўн.-зах.). Рус.« кузло ’ніжні канец снапа’. Параўн. літ. kužulas ’сноп з рэштак сена’ (Фрэнкель, 324). Далейшыя сувязі праблематычныя. Значэнне бел. слова, магчыма, узнікла пад уплывам кузла 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лайтру́га ушац. ’вялікі гультай’, паўд.-усх. ’распуснік’ (КЭС), рус. лотрыга, лотыга ’гулянка’, лантрыга ’тс’, ланстры́га ’нягоднік’, ’абадранец’. Да ст.-бел. лотръ ’бандыт’, якое праз ст.-польск. łotr — са ст.-чэш. lotr < ст.-в.-ням. loter, lotter ’лайдак, нікчэмны чалавек’, ’блазан’ (Слаўскі, 5, 221; Фасмер, 2, 458, 523; Панюціч, 102) і экспрэсіўнага суф. ‑уга. Аб устаўным (другасным) ‑й‑ гл. Карскі, 1, 304–306. Не выключаны, аднак, уплыў лексемы лайдак (гл.). Гл. таксама латру́га, лотра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́стачкі (мн.) ’ласкавыя, пяшчотныя словы’ (Нас.). Узнікла ў выніку кантамінацыі лексем ластаўка ’ласкавая назва дзяўчыны, жанчыны’ і лёстачкі, лёсткі ’ліслівыя словы, усхваленні’, параўн. рус. ластуха ’ліслівец’. Не выключана, аднак, што гэта семантычны перанос лексемы ластачка (гл. ластаўка1). Параўн. рус. ласточкой ’ласкава, лісліва’, ласту́ха, ласту́шка ’чалавек, які любіць лашчыцца’, ластушка ’ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны, асабліва да маладой (нявесты)’. Да ластаўка1 і ласка1 (гл.). Утварэнне гл. Сцяцко, Афікс. наз., 69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вале́й ’пажаданы’ (Яруш.); ’лепей’ (КЭС, Гарэц., Шн.). Узыходзіць да польск. woleć ’аддаваць перавагу, жадаць, хацець’, але семантычна з’яўляецца ўласнабеларускім утварэннем, на што ўказвае Брукнер (630), адзначаючы, што слова сустракаецца ў пісьменнікаў з Беларусі (Ходзька, Сыракомля). Параўн., аднак, рус. вале́й, воле́й ’лепей’. Укр. воліти, волити ’жадаць, хацець’, волісь, воліся ’лепей, пажаданей’. Магчыма, таксама, што валей непасрэдна ад воля, як рус. параўнальная ступень воре́й па якаснаму значэнню назоўніка вор. Словаўтваральная і семантычная паралель: рус. охотней (< *охотный) < хотеть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абла́м1 ’футра’ (Нас., Гарэц.), аблям ’тс’ (Бір. дыс.) < польск. błam ’адно футра’, якое ў сваю чаргу з ням. Flamme, Flamm ’тс’ (Брукнер, 30). Форма аблям сведчыць аб кантамінацыі з аблямаваць, аблямоўка (гл.).

Абла́м2 ’бруствер’ (Гарэц.), ’аблава’ (Касп.). Магчыма, да аблам1 з семантычным пераходам: аблямоўка (на вопратцы) > аблямоўка ’паласа’ > аблямоўка ’акружэнне, аблава’. Аднак больш верагодна, што гэта калька або запазычанне з балтыйскага. Параўн. літ. lamataĩ ’пастка, сіло’, лат. lamatas ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Авяру́шкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II) да вавярушкі ад вавёрка (параўн. назву грыба: лісічкі). Аднак больш верагодна, балтызм, тады з літ. voveruškà грыб Cantharellus’ (Чэкман, вусн. паведамл.). Параўн. вавярушкі, гаварушкі (гл.), літ. voveruškà ў сваю чаргу ад voverė̃, vėverìs ’вавёрка’. Назва вавёркі балта-славянская (Фрэнкель, 1233–1234), але назва грыба абмежавана вузкім арэалам, а яе суфіксацыя не адпавядае балтыйскай як спрадвечна роднасная (мы б чакалі ‑ъšьka: *авярошка, *вавярошка). Усё гэта сведчыць у карысць запазычання з літоўскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)