Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хор, ‑у; мн. хары, ‑оў; м.

1. У старажытнагрэчаскім тэатры — група выканаўцаў з спевакоў і танцораў.

2. Група або калектыў спевакоў, якія выконваюць разам вакальныя творы. Хор імя Пятніцкага. Народны хор БССР. □ Кулькін, выявілася, спяваў у хоры і ведаў ноты. Машара. У клубе на сцэне выстройваўся хор. Асіпенка.

3. Музычная п’еса, прызначаная для выканання пеўчым калектывам. Кампазітар напісаў не кантату, а проста хор.

4. чаго. Адначасовае гучанне многіх гукаў. Сход маўчыць, а потым чуецца адзін голас, другі, а за ім хор галасоў гудзе. Колас. У адказ.. [Сымону Якаўлевічу], нібы рэха, прагучаў дружны хор дзіцячых галасоў: — Я, юны піянер... Якімовіч.

5. чаго. Мноства аднолькавых думак, меркаванняў. Намыснік, рыжы намеснік і нейкі капітан былі ўжо ў інтэрнаце. Хорам пахвалы яны спаткалі дзяўчат. Грамовіч. Пасля хору хвалебных рэцэнзій узнялася хваля крытыкі і разносаў. «Маладосць».

6. Спец. У струнных музычных інструментах — парныя, строеныя і пад. струны.

7. у знач. прысл. хо́рам. а) Усе разам, у некалькі галасоў (аб спевах). Да цябе [Нарачы] бор працягвае рукі, Для цябе хорам птушкі звіняць. Прыходзька; б) усе адразу, адначасова, дружна (пра якое‑н. выказванне). — Правільна! Малайчына, Вова! — хорам падхапілі рабяты прапанову таварыша. Шыловіч.

хо́рам, ‑а; мн. хорамы, ‑аў; м.

Вялікі жылы будынак; палац. Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам. Купала. / Жарт. Пра дом, жыллё. [Гаспадыня:] — Дык куды ж я вас пушчу. Бачыце ж, які ў мяне хорам, няма дзе нават сесці, не тое што легчы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору, І неяк дзіўна пазіраць На гэты светлы хорам. Панчанка.

хо́рамны, ‑ая, ‑ае.

Той, хто валодае хорамам, жыве ў хораме. Ты [князь] ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.

хо́раша,

1. Прысл. да харошы (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра прыемныя абставіны. Як прыемна пахне збожжа! А вакол — спакойна! Эх, як слаўна, як прыгожа, Хораша, прыстойна! Колас. Хораша ў чэрвеньскім лесе! Мележ.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ўнутранага задавальнення, зведанага кім‑н. Хораша сэрцу ў прасторах-вышынях, Хораша ў садзе сваім салаўю! Лось. Твар старой хвілінку заспакоены: ёй хораша, што нават і Федзька, інжынер, з Брэста прыехаў. Ракітны.

хо́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец.

1. Прамая, якая злучае дзве кропкі крывой лініі.

2. Восевы шкілет у выглядзе пругкага эластычнага цяжа, спінная струна (у некаторых жывёл і ў зародка чалавека).

[Грэч. chordē — струна.]

хо́рдавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хорды (у 2 знач.). Хордавы храсток.

2. у знач. наз. хо́рдавыя, ‑ых. Вышэйшы тып жывёл, якія маюць хорду на якой‑н. стадыі развіцця.

хорма́йстар, ‑тра, м.

Кіраўнік хору, харавы дырыжор. Вядомы ў Беларусі хормайстар Уладзімір Тэраўскі (а гэта быў ён) павёў Міхася за кулісы. «Полымя».

хорт, харта, М ‑рце, м.

Паляўнічы сабака з доўгай вострай мордай, доўгімі тонкімі нагамі і гладкай поўсцю. Тым часам у дзверы вытыркнуліся.. морды двух хартоў — тонкіх, як вужакі, сагнутых дугою. Гарэцкі.

хо́ры, ‑аў; адз. няма.

Адкрытая галерэя або балкон у верхняй частцы параднай залы або царкоўнага будынка (першапачаткова для размяшчэння хору, музыкантаў). Зала губернскіх дваранскіх збораў нагадвала мора ў непагоду. Уся гэтая паўкруглая зала, усе месцы за калонамі, .. амфітэатр хораў — усё гэта было напхана людзьмі. Караткевіч. На хорах спявалі суровыя манахі. Асіпенка.

[Грэч. choros — хор.]