Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ход, ‑а і ‑у, М аб (у) хо́дзе і на хаду́; мн. хады́, ‑о́ў і хо́ды, ‑аў; м.

1. ‑у, М на хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім‑н. напрамку. Машына дала задні ход. Цягнік збавіў ход. □ Пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. Ціха кружыцца галава ў Міколкі, разбягаюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Лынькоў.

2. ‑у, М у хо́дзе; перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Ход падзей. Ход урока. Ход гісторыі. □ У ходзе будаўніцтва сацыялізма ў СССР без якой бы там ні было знешняй эканамічнай дапамогі ў кароткі гістарычны тэрмін была ажыццёўлена індустрыялізацыя краіны. «Звязда». Дзед зрабіў перадышку, абдумваючы далейшы ход казкі. Якімовіч.

3. ‑у, М у хо́дзе; мн. хо́ды, ‑аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога. Ход прэса. // Адлегласць, на якую гэта частка перамяшчаецца. Ход поршня роўны 50 см.

4. ‑у, М на хаду́. Рабочая частка машыны, механізма. Анкерны ход гадзіннікавага механізма. // Ніжняя хадавая частка самарушнага ўстройства. Гусенічны ход. // Ніжняя хадавая частка экіпажа або іншых транспартных сродкаў. Каляска на рызінавым хаду. // Спец. Адлегласць паміж пярэдняй і задняй воссю экіпажа, павозкі і пад. Кароткі ход у экіпажа.

5. ‑у, М у хо́дзе. Спец. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм і пад. Рабочы ход рухавіка. □ Надзейныя, з высокай дакладнасцю ходу, .. [гадзіннікі] не будуць падводзіць уладальнікаў, для якіх важна кожная мінута, секунда. «Звязда».

6. ‑у, М на хаду́. Спец. Увесь тэхналагічны працэс, які адбываецца ў чым‑н.; цыкл. Домна на гарачым хаду.

7. ‑у; мн. хады́, ‑о́ў. Чарговае выступленне іграка (у шахматах, шашках і іншых настольных гульнях). Ход канём. □ Ці ведаеце вы, што найкарацейшая шахматная партыя, іграная ў турніры, мела ўсяго 4 хады — гэта партыя Лазар — Кабо з чэмпіянату Францыі. «Маладосць».

8. ‑у, М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў; перан. Прыём, манеўр для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычны ход. □ Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін на дзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну. Шамякін. Юра не сумняваўся, што ўся ветлівасць нямецкага афіцэра, яго ўвага да іх — толькі тактычны ход. Бураўкін.

9. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў. Спец. Паварот, змяненне ў сюжэце мастацкага твора. У К. Чорнага мы не знойдзем твора, у якім аўтар імкнуўся б захапіць чытача складанасцю сітуацый, займальнасцю сюжэтных ходаў. Кудраўцаў.

10. ‑а; мн. хады́, ‑о́ў. Месца або адтуліна ў сцяне будынка, памяшкання, праз якое ўваходзяць куды‑н., уваход. Парадны ход. Чорны ход. □ Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Чорны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

11. ‑а; М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў. Месца, па якому ходзяць; калідор, тунель. Падземны ход. □ Траншэі і хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж па ўсяму фронту. Мележ. Бацька вельмі добра ведаў лес, ведаў усе хады ў ім, ведаў, дзе што расце. Сачанка.

12. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў; перан. Магчымасць дасягнення чаго‑н. Так рад ён [чалавек], што тут апынуўся, Дзе ёсць чалавеку больш ходу. Колас.

•••

Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх‑н. транспартных сродкаў.

Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння ходу судна.

Поўны ход! — словы каманды, якія абазначаюць: з гранічнай скорасцю.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Даць задні ход гл. даць.

Даць ход гл. даць.

Ісці ў ход гл. ісці.

На хаду — мімаходам, хутка.

На хаду падноскі адарваць гл. адарваць.

Не даць ходу гл. даць.

Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.

Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, ішло і пад. што‑н.).

Пусціць у ход гл. пусціць.

Сваім ходам — а) пехатой; б) работай свайго матора.

Ход канём — аб рашучым сродку, што выкарыстоўваецца для дасягнення поспеху ў якой‑н. справе.

Ходу няма каму-чаму гл. няма.

Хрэсны ход — царкоўнае шэсце з крыжамі, харугвамі і абразамі.

хо́джаны, ‑ая, ‑ае.

Такі, па якому часта ходзяць (пра дарогу, сцежку і пад.). Ходжаныя сцежкі.

хо́дзікі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Насценны гадзіннік простай канструкцыі з гірамі. Мірон Іванавіч.. мелькам зірнуў на ходзікі: быў пачатак чацвёртай гадзіны. Лынькоў. Хто гадзіннік заводзіў? Не знаюць. Не помняць яны [дзеці]. Хутка ходзікі ходзяць, Калёсікі з боку відны. Куляшоў.

хо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм.

1. Паездка або паход для дастаўкі чаго‑н. Віхлястая дарога ляжала перад Раяй, дарога, па якой яна мусіла рабіць сваю, як казалі партызаны, першую ходку. Новікаў. [Дзядзька:] — Я і кажу Пятру: «На другую ходку шукай сабе, браце, другога напарніка...» С. Александровіч.

2. Порцыя, колькасць чаго‑н. [Ячны] ведае, калі будзе гатова першая ходка саману, і ён не спозніцца прыехаць паказаць нам кладку сцен. Брыль.

хо́дкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ходкага. Ходкасць аўтамашыны. Ходкасць гавару.

хо́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка і лёгка рухаецца, лёгкі на хаду. Ходкі самазвал. Ходкі конь. □ Потым пакацілі ходкія гарматы, мінамёты. За імі — з той жа імклівасцю, але больш паважна, ракеты. Карпаў.

2. Які мае вялікі попыт (пра тавары, вырабы і пад.). [Іван:] — У нашу краму такога [пітва] не прывозяць. Не ходкае яно ў нас. Паўлаў. На базары лазовае лыка Самы ходкі лічыўся тавар. Хведаровіч. // Які часта выкарыстоўваецца. Ходкі афарызм.

хо́днік, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і тратуар. Вуліца была гладка забрукавана, а ходнікі выкладзены бетоннымі плітамі. Машара.

2. Тое, што і палавік. [Маці:] — [Святланка] да мяне прыскочыць, бывала, дык перакусіць з дарогі не паспее, а ўжо і падлогу ператрэ, і ходнікі выб’е, і падворак падмяце. Гіль.

хо́ду, прысл.

Разм. Наўцёкі. Дзеці кінуліся ходу. / у знач. вык. Я ходу ў зямлянку, яна побач была. А медзведзяня малое шусь між ног са мною разам. Карамазаў.

хо́дыр, ‑у, м.

У выразе: хадзіць ходырам гл. хадзіць.