хо́бат, ‑а, М ‑баце, м.
1. Выцягнутая рухомая насавая частка морды ў сланоў і некаторых іншых жывёл, якая служыць для дыхання, нюху, дотыку, хапання. Хобат тапіра. □ Хобатам матляе слон Ды вачыма лыпае. Барадулін. // Выцягнутая пярэдняя частка або выраст пярэдняй часткі цела ў некаторых бесхрыбетных жывёл, якая служыць для абароны, хапання, забівання здабычы і пад. Хобат п’яўкі.
2. Спец. Частка механізмаў, машын або прыстасаванняў, якая па форме або функцыі нагадвае выцягнуты нос жывёлы. Хобат экскаватара. □ Рытмічна махаючы сваім хобатам, пагрузачны кран падымаў і апускаў на платформы кантэйнеры. Шыловіч.
3. Спец. Задняя падоўжаная частка лафета артылерыйскай гарматы або задняя частка станка кулямёта, якая служыць для ручной наводкі на цэль. // Ствол гарматы. Хобаты гармат уздымаліся гнеўна ў неба, у заходні бок. Мележ. І хобаты жэрлаў Паволі Гарматы спускаюць на дол. Броўка.
хо́батны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хобата (у 1 знач.), з хобатам. Хобатная жывёліна.
2. у знач. наз. хо́батныя, ‑ых. Атрад млекакормячых, які цяпер прадстаўлены толькі сланамі.
хо́бі, нескл., н.
Разм. Якое‑н. захапленне, любімы занятак у вольны час. Можа гэта яго [Сівалоба] хобі. Ёсць жа ў яго, Антанюка, сваё хобі — паляванне. Шамякін. Па тым заняпадзе, які пануе тут [у садзе], можна меркаваць, што садоўніцтва — не маё хобі. Васілёнак.
[Англ. hobby.]