хму́рна,
1. Прысл. да хмурны.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць хмар; воблачна. Было хмурна, дзьмуў халодны вецер. Колас. Было хмурна: ні месяца, ні зоркі. Калюга.
хму́рнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць хмурнага; згушчэнне хмар; воблачнасць. Новая шасэйная дарога адлівала белаватым колерам у цёплай хмурнасць ціхага дня. Чорны.
2. перан. Хмурны выгляд, панурасць. Толькі Корч часам прыб’ецца, прыстане, пагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Мележ. Твар майстра быў прасветлены, хмурнасць яшчэ крыху жыла ў вачах, але глядзелі яны ўжо зусім добра і спагадліва. Савіцкі.
хмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца, станавіцца хмурным, воблачным. Чэзлі цьмяныя фарбы захаду на спадах гор, хмурнела далеч. Надыходзіла ноч. Самуйлёнак. Неба хмурнела. Зоркі пагаслі. Няхай.
2. перан. Станавіцца хмурным, панурым. Дзяўчына ўсё больш і больш хмурнела і гатова была заплакаць. Дамашэвіч. Калі [Іра] павітаецца, не глянуўшы мне ў вочы, я хмурнею і цэлы дзень думаю, што яна за нешта гневаецца на мяне. Марціновіч.
хму́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Пахмурны, воблачны (пра неба, пагоду, пару года, частку сутак). Дзень па-асенняму хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Шамякін. Была хмурная, гразкая восень. Скрыган. Потым узышоў месяц. Ён паволі падымаўся па хмурным небе. Асіпенка. // Такі, дзе змрочна. Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, у бярэ хмурныя лясы. Гартны.
2. перан. Сумны, пануры (пра чалавека). [Элінора] зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, нездаволены. Лынькоў. Паглядзела дачка, стала хмурная: Знаць, не прыйдзе ён [любы] гэткай бураю. Панчанка. Архіпцоў сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, нейкі хмурны ці, можа, разгублены. Кухараў. — Ты нейкая хмурная сёння? — адразу заўважыў.. [Антось] жончын настрой. Васілевіч. // Які выражае суровасць, панурасць, заклапочанасць. Выйшаў на ганак.. хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма. Мележ. Слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмурных павек. Багдановіч.
хму́ры, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і хмурны. Помню, хмуры ранак, у росах канюшына, толькі птушкі посвіст ды шляхі, шляхі. Чарнушэвіч. Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мералі шырокімі крокамі поле. Колас. Косця на першы погляд здаваўся дзяўчатам надта хмурым, няветлівым. Карпюк.
хмуры́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і хмара. Як хмурыны ў дзень асенні, Думкі-словы гоніць памяць: — Ой, трыпутнічак, Трыпутнік!.. Зелле-зеллейка жывое... Трус. Хмурына, поўнячыся сілай, Уперад рушыла тады, Дзесь угары перакуліла Збанкі, паўнюткія вады. Калачынскі.
хмуры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да хмурына; хмарка, воблачка. На небе ні хмурынкі; сонца пячэ, як летам. Пташнікаў. Неба сіняе-сіняе, плывуць па ім, нібы гусі-лебедзі, белыя хмурынкі. Навуменка. // перан. Пра тое, што азмрочвае, засмучае. А нада мной, як рой, снуюць Хмурынкі горкага адчаю. Астрэйка.
хму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца хмарамі, станавіцца хмурным (пра неба). Неба хмурылася і хмурылася, здавалася, вось-вось пойдзе дождж. Федасеенка. // Станавіцца пахмурным, хмарным (пра пагоду). Шырокае мора бясконца шуміць... Не хмурся дажджом, далягляд. Жычка. Не дзень, не два ўжо хмурылася надвор’е. Мыслівец. / у безас. ужыв. Навокал, нізка над даляглядам, як быццам хмурылася, пагруквала, таямніча і насцярожана, а дождж усё не ішоў. Брыль.
2. перан. Станавіцца хмурным, насупленым. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў. // Моршчыцца, насуплівацца, выражаючы неспакой, хваляванне, турботу, злосць (пра лоб, бровы). Сінія вочы іскрыліся просьбай, разгублена хмурыліся бровы. Лынькоў. // Злавацца на каго‑н. [Саша:] — А я, дзівак, лічыў, што ты [Вася] ад зайздрасці, што сам не пабыў дома, хмурышся на мяне. Шуцько. Вельмі не рад быў свайму канкурэнту ксёндз Марцэвіч. Ён хмурыўся на мніха. Бядуля.
хму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Панура або задумліва моршчыць, насупліваць (лоб, бровы). Аксён хмурыць лоб. Відаць, як блізка прымае ён гэта ўсё да сэрца. Колас. І не хмур, каханы, бровы: Хмурыць іх няма прычыны. Астрэйка.