хмыз, ‑у, м.
Тое, што і хмызняк. Лес густы, скрозь зарос хмызам, арэшнікам, лазою. Сачанка.
хмызня́к, ‑у, м.
Кусты, зараснікі дробных маладых дрэўцаў. Лес быў густы, з непралазнымі хмызнякамі. Якімовіч. Беражыстая рэчка ўтапілася ў хмызняках і лазе; спрадвеку жалобна журчыць пра людскія надзеі, як сведка таго, што было. Каваль.
хмызняко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хмызняку. Хмызняковыя зараснікі. // Які расце кустамі. Хмызняковая расліннасць.
хмы́канне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. хмыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Дрозд хмыкнуў, і хлопчыкі гэта хмыканне зразумелі па-свойму: «Чытаеш? Пабачым, як ты ўмееш чысціць зброю». Хомчанка. Лялькевіча абурыла гэтае хмыканне і гэтае недарэчнае слова. Шамякін.
хмы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Вымаўляць «хм» або «гм», выказваючы здзіўленне, іронію, сумленне, злосць. На Веньяміна з павагай глядзелі нават хлопцы ў стракатых сарочках, некаторыя з якіх дагэтуль хмыкалі і паціскалі плячыма пасля яго жартаў. Навуменка.
хмы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да хмыкаць.
хмылі́цца, хмылюся, хмылішся, хмыліцца; незак.
1. Хітра, злосна ўхмыляцца.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Касавурыць вочы, прыціскаць вушы (пра коней). Пачуўшы Андрэя, [коні] сталі хмыліцца і круціцца ў праварынах — не падыходзь... Пташнікаў. Дэраш — так звалі мы [каня] — даволі-такі сцёр зубы, часта наравіўся, хмыліўся не толькі на чужых, а і на мяне самога. Якімовіч.