хмурыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца хмарамі, станавіцца хмурным (пра неба). Неба хмурылася і хмурылася, здавалася, вось-вось пойдзе дождж. Федасеенка. // Станавіцца пахмурным, хмарным (пра пагоду). Шырокае мора бясконца шуміць... Не хмурся дажджом, далягляд. Жычка. Не дзень, не два ўжо хмурылася надвор’е. Мыслівец. / у безас. ужыв. Навокал, нізка над даляглядам, як быццам хмурылася, пагруквала, таямніча і насцярожана, а дождж усё не ішоў. Брыль.

2. перан. Станавіцца хмурным, насупленым. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў. // Моршчыцца, насуплівацца, выражаючы неспакой, хваляванне, турботу, злосць (пра лоб, бровы). Сінія вочы іскрыліся просьбай, разгублена хмурыліся бровы. Лынькоў. // Злавацца на каго‑н. [Саша:] — А я, дзівак, лічыў, што ты [Вася] ад зайздрасці, што сам не пабыў дома, хмурышся на мяне. Шуцько. Вельмі не рад быў свайму канкурэнту ксёндз Марцэвіч. Ён хмурыўся на мніха. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)