Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

твой, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж.; тваё, твайго́, н.; мн. твае́, тваі́х; займ. прыналежны да ты.

1. Які мае адносіны да цябе, належыць табе. Твая хата. Тваё паліто. Твая думка. □ Масква, Масква, каторы раз Іду я плошчамі тваімі! Танк. [Максім да Данілы:] — Я на тваім месцы наняў бы машыну, насыпаў бы ў кузаў яблык і гайда іх на Урал. Капыловіч. Аднаму ўсё ж сумнавата, браце, у твае гады. Машара. // Такі, як у цябе, падобны на твой. Твае [маці] ў мяне бровы, твой лоб і нос. Твой неспакой. І, пэўна, твой лёс. Вярцінскі. // Зроблены, ажыццёўлены і пад. табою. Тваё пісьмо. Твае распараджэнні. // Звязаны з табою, знаёмы табе. Ну дзе ж твой абяцаны тэхнік? // у знач. наз. тваё, твайго́, н. Разм. Тое, што належыць або ўласціва табе. Твайго мне не трэба.

2. Які належыць табе па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. Твой бацька. Твая маці. Тваё дзіця. Твае сябры. // у знач. наз. твае́, тваі́х. Разм. Родныя, блізкія. Прывітанне тваім. Твае дома? // у знач. наз. тво́й, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж. Разм. Муж, каханы або жонка, каханая. — Думаеш, толькі твая такая? — зазначыў Барыс Сівец. — Усе яны .. на адзін капыл. Васілёнак.

•••

Каб і духу твайго не было дзе гл. быць.

Каб нагі тваёй не было дзе гл. быць.

Нагі тваёй не будзе дзе гл. быць.

Не твая бяда гл. бяда.

Няхай на тваім будзе — няхай будзе так, як ты хочаш.

твор, ‑а, м.

Прадукт творчай працы (раман, карціна, архітэктурнае збудаванне і пад.). Па просьбе студэнтаў Васіль Рысавец дэкламаваў свае творы. Яго вершы ўжо друкаваліся ў газетах. Дуброўскі. Большасць твораў Р. Пукста цёпла ўспрымалася і ўспрымаецца слухачамі. Дубкова.

тво́рны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: творны склон гл. склон.

тво́рца, ‑ы, м.

Разм. Тое, што і тварэц. Творца вялікага шчасця — Савецкай зямлі чалавек. Танк. Прывет, галактыка! Прывет табе маскоўскі Прыслаў народ наш — творца і змагар. Хведаровіч.

тво́рчасць, ‑і, ж.

Дзейнасць чалавека, накіраваная на стварэнне культурных, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей. Палкоўнік пан Дэмбіцкі, даўшы волю і разгон сваёй стратэгічнай творчасці, старанна адзначаў на карце пункты важнейшых участкаў ваеннага ўдару. Колас. [Бондар] песціў у сваім сэрцы агромн[іст]ую радасць творчасці. Ён бы жадаў выказаць вяскоўцам,.. як трэба разумным вокам выбіраць дрэва на клёпкі, на дны, на начоўкі, як зграбна можна гэтыя пасудзіны рабіць. Бядуля. // Вынік гэтай дзейнасці; сукупнасць усяго створанага кім‑н. У цяжкай шматгадовай барацьбе Заходняй Беларусі за сваё вызваленне выключную ролю адыграла творчасць Янкі Купалы. Таўлай.

•••

Народная творчасць — а) від духоўнай творчай дзейнасці народа, што выяўляецца ў вуснай паэзіі, музыцы і іншых відах мастацтва; б) сукупнасць твораў, якая з’явілася ў выніку такой дзейнасці народа.

тво́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да творчасці, уласцівы ёй. Творчы працэс. □ Акцёр [П. Малчанаў] многа працуе над тым, каб зрабіць тэкст сваім, блізкім, арганічным, і колькі б ён ні іграў адну і тую ж ролю, яго творчыя шуканні ніколі не спыняюцца. «Полымя». // Які заключае ў сабе элементы новага, што‑н. развівае, удасканальвае. Творчая ініцыятыва мае. □ Ідуць [воіны] смела і сурова Пад напеў пургі, І законы праўды новай Нясуць іх сцягі. Гэта праўда — дружба, згода, Творчай працы шыр, Разняволеных народаў Непарушны мір. Колас. Рэвалюцыя ўзняла да творчай дзейнасці Я. Купалу і Я. Коласа, якім суджана было стаць заснавальнікамі сапраўды народнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай беларускай літаратуры. Казека. // Накіраваны на творчасць. Творчая думка. □ І чула б [жалеза] цеплыню рукі, І творчую жывую сілу, І доўгія гады, вякі З людзьмі спявала б і дружыла б. Танк. Бывала так, што рабочыя падказвалі тую ці іншую ідэю, а інжынер правяраў і тэарэтычна абгрунтоўваў яе. Такі творчы падыход да справы, такое спалучэнне навукі і практыкі намнога павысілі і палепшылі праходку. Кулакоўскі.

2. Які здольны тварыць. Творчая моладзь тэатра. □ Не будзе ані класаў, ані нацый, А будзе ўсюды Вольны творчы чалавек. Бядуля.

•••

Творчая індывідуальнасць — а) асоба, якая стварае духоўныя каштоўнасці; б) характэрныя асаблівасці, уласцівыя такой асобе.

Творчая лабараторыя — непасрэдная работа аўтара над сваім творам; працэс творчасці.

Творчы вечар — вечар з удзелам самога аўтара, творчасці якога ён прысвечаны.