твой, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж.; тваё, твайго́, н.; мн. твае́, тваі́х; займ. прыналежны да ты.

1. Які мае адносіны да цябе, належыць табе. Твая хата. Тваё паліто. Твая думка. ▪ Масква, Масква, каторы раз Іду я плошчамі тваімі! Танк. [Максім да Данілы:] — Я на тваім месцы наняў бы машыну, насыпаў бы ў кузаў яблык і гайда іх на Урал. Капыловіч. Аднаму ўсё ж сумнавата, браце, у твае гады. Машара. // Такі, як у цябе, падобны на твой. Твае [маці] ў мяне бровы, твой лоб і нос. Твой неспакой. І, пэўна, твой лёс. Вярцінскі. // Зроблены, ажыццёўлены і пад. табою. Тваё пісьмо. Твае распараджэнні. // Звязаны з табою, знаёмы табе. Ну дзе ж твой абяцаны тэхнік? // у знач. наз. тваё, твайго́, н. Разм. Тое, што належыць або ўласціва табе. Твайго мне не трэба.

2. Які належыць табе па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. Твой бацька. Твая маці. Тваё дзіця. Твае сябры. // у знач. наз. твае́, тваі́х. Разм. Родныя, блізкія. Прывітанне тваім. Твае дома? // у знач. наз. тво́й, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж. Разм. Муж, каханы або жонка, каханая. — Думаеш, толькі твая такая? — зазначыў Барыс Сівец. — Усе яны .. на адзін капыл. Васілёнак.

•••

Каб і духу твайго не было дзе гл. быць.

Каб нагі тваёй не было дзе гл. быць.

Нагі тваёй не будзе дзе гл. быць.

Не твая бяда гл. бяда.

Няхай на тваім будзе — няхай будзе так, як ты хочаш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)