Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

генацы́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Пароджаная імперыялізмам і фашызмам палітыка знішчэння асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных або рэлігійных матывах.

[Ад грэч. genos — род, племя і лац. caedere — забіваць.]

генеалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да генеалогіі. Генеалагічная табліца. Генеалагічныя сувязі.

генеало́гія, ‑і, ж.

1. Гісторыя чыйго- або якога‑н. роду; радаслоўная. // Дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю асобных дынастычных, феадальных або іншых родаў.

2. Сукупнасць звестак пра паходжанне жывёльных і раслінных родаў.

[Грэч. genealogia.]

ге́незіс, ‑у, м.

Паходжанне, гісторыя ўзнікнення і развіцця чаго‑н. Генезіс беларускага рамана.

[Грэч. genesis.]

генера́л, ‑а, м.

Воінскае званне або чын вышэйшага каманднага і начальніцкага саставу ў арміі. // Асоба, якая мае гэта званне.

•••

Генерал ад інфантэрыі — самы высокі генеральскі чын у пяхотных войсках царскай арміі; асоба, якая мела гэта званне.

Генерал арміі — самае высокае званне генералаў; асоба, якая мае гэта званне.

Генерал-лейтэнант — другое па старшынству генеральскае званне; асоба, якая мае гэта званне.

Генерал-маёр — першае (малодшае) генеральскае званне; асоба, якая мае гэта званне.

Генерал-палкоўнік — трэцяе па старшынству генеральскае званне; асоба, якая мае гэта званне.

[Ад лац. generalis — агульны, галоўны.]

генералі́сімус, ‑а, м.

Самае высокае воінскае званне. // Асоба, якая мае гэта званне.

[Ад лац. generalissimus — самы галоўны.]

генералітэ́т, ‑у, М ‑тэце, м.

Вышэйшы камандны састаў арміі; генералы.

[Ням. Generalität.]

генера́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Галоўны, асноўны, вядучы. Генеральная лінія партыі. Генеральны сакратар.

2. Усеагульны, грунтоўны. Генеральная ўборка.

•••

Генеральная рэпетыцыя гл. рэпетыцыя.

Генеральны штаб гл. штаб.

генера́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да генерала, належыць яму. Генеральскае званне. Генеральскія пагоны. Генеральская шапка.

генера́льства, ‑а, н.

Званне, чын генерала.