Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шо́рхлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і шэрхлы. Па дарозе шорхлай ранкам чокае [вясна]. Бялевіч. У злубянелых шорхлых плашчыках па берагах нямой ракі стаялі бронзавыя сплаўшчыкі з баграмі, як вартаўнікі. Макарэвіч.

шо́рхнуць, ‑не; незак.

Тое, што і шэрхнуць. Больш шорхла гразь, і поле маўчала чорнай цішынёю. Чорны.

шо́рцы, ‑аў; адз. шорац, ‑рца, м.; шорка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. шоркі, ‑рак; ж.

Народнасць, якая жыве ў Кемераўскай вобласці РСФСР і ў Хакаскай аўтаномнай вобласці.

шо́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Конская збруя без дугі і хамута, са шлеямі.

2. Спецыяльныя бакавыя шчыткі, прымацаваныя да вуздэчкі, якія не даюць магчымасці каню глядзець убок. Вупраж была новая, падагнаная, дабротная — вуздэчка з шарамі, наглянцаваныя раменныя шлеі. Хадкевіч.

3. перан. Перашкода, абмежаванасць, якая не дазваляе правільна разумець што‑н. Класавыя шоры буржуазных гісторыкаў.

•••

Браць (узяць) у шоры гл. браць.

Трымаць у шорах гл. трымаць.

[Польск. szory — збруя, вупраж.]

шост, шаста, М шасце, м.

1. У спорце — спецыяльная бамбукавая ці пластмасавая жэрдка, якая выкарыстоўваецца ў якасці апоры для скачкоў у вышыню.

2. Доўгая тонкая палка ці жэрдка. На беразе нас ужо чакалі чаўны. На іх стаялі хлопцы з вёсламі і шастамі. Няхай. У зямлю быў уваткнут высокі шост, а на ім вісеў вялікі чырвоны сцяг. Гарэцкі.

•••

Шастом галавы (носа) не дастаць гл. дастаць.

шо́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Ігральная карта, якая мае шэсць ачкоў.

шо́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да шэсць. І тут Сцёпка не выказаў здзіўлення. — А я, каб паступаў, то наступаў бы ў шосты клас. Колас. І вось перад намі купэ шостага вагона плацкартнага. Васілёнак.

2. у знач. наз. шо́стая, ‑ай, ж. Шостая частка. Адна шостая.

3. у знач. пабочн. шо́стае.

шо́у, нескл., н.

Пышнае сцэнічнае відовішча з удзелам майстроў эстрады, цырка, джаз-аркестраў, балета на лёдзе і пад. / у перан. ужыв. Для амерыканцаў футбол — гэта шоу. «Звязда».

[Англ. show.]

шоўк, ‑у; мн. шаўкі, ‑оў; м.

1. Валакно, якое выпрацоўваюць вусені тутавага шаўкапрада.

2. Ніткі або пража з такога валакна ці са штучнага сінтэтычнага валакна. Шоўк-сырэц. □ Перад аперацыяй Людміла выстаўляла на стол усё, што лічыла неабходным. Калі ішла дадому, для другой змены пакідала на сталах ёд, бінты, навакаін, эфір, шоўк зашываць раны, адным словам, усё, што магло спатрэбіцца на аперацыі. Арабей.

3. Тканіна з такіх нітак, пражы ці са штучнага, сінтэтычнага валакна. На .. [дзяўчыне] была сукенка з квяцістага шоўку. Васілевіч. Багата важаць працадні: Нашый сукенак яркіх, Бяры шаўкі — усе яны — Свае, айчыннай маркі. Лужанін. // Разм. Вопратка, адзенне, вырабы з такой тканіны. Там... У аксаміце, золаце і шоўку Гадавалася, расла Панская дачка Марына. Бядуля. Пані злосна чмыхнула. Шаўкамі Зашумела, выскачыла вон. Бялевіч.

4. перан.; чаго. Пра тое, што сваім бляскам, мяккасцю, гладкасцю і пад. нагадвае такія ніткі або тканіну. Ах, хіба гэта не ўсё роўна, абы толькі ты [сын] быў ля мяне, абы рука мая гладзіла паслухмяны шоўк твае галавы, а вочы мае глядзелі ў твае вочы... Сачанка. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Шоўк травы сытым статкам калгасным прымят, — Пастуху тут раздольна і весела. Панчанка.

шоўка... (а таксама шаўка...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «шоўк», напрыклад: шоўкаапрацоўчы, шоўкакамбінат, шоўкаматальны.