шо́лудзі, ‑яў; адз. няма.
1. Заразнае скурнае захворванне, пры якім на скуры пад валасамі з’яўляюцца гнойныя струпы. // Струпы, сып.
2. Заразнае захворванне раслін, у выніку якога адбываецца пашкоджанне верхніх тканак.
шо́мпал, ‑а, м.
Спецыяльны стрыжань, прызначаны для чысткі і змазвання канала ствала ручной агнястрэльнай зброі, а таксама — у старажытнай зброі — для забівання з дула зарада ў пісталеты і стрэльбы. Перапынілася шорганне шомпала ў ствале, і за дашчанай перагародкай, чуваць, мякка спыніўся крок цяжкага і злога чалавека. Паўлаў. // звычайна мн. (шо́мпалы, ‑аў). Кара, пакаранне такім стрыжнем. Гітлераўцы прапанавалі.. [Шаройку] стаць старастам. Ён адмовіўся. Яго арыштавалі, усыпалі шомпалаў, тыдні тры пратрымалі ў склепе. Шамякін. — Я загадаю сваім салдатам — і яны ўсыплюць кожнаму, хто не паслухаецца, па дваццаць пяць шомпалаў! — пагражаў палкоўнік. Хадкевіч.
[Ад ням. Stempel.]
шо́мпальны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шомпала. Шомпальная галоўка.
2. Які зараджаецца праз дула. Шомпальная аднастволка. Шомпальнае ружжо.
шо́па, ‑ы, ж.
Абл. Павець. Аж пад тую шопу, дзе сох калісь сырэц, забраўся я. Сабаленка.
шо́рах, ‑у, м.
1. Глухі гук, шамаценне, шорганне ад лёгкага руху, дотыку, сутыкнення чаго‑н. з чым‑н. Са сваёй бакоўкі Веньямін прыслухоўваўся да шорахаў, што даляталі з Асінага пакойчыка. Навуменка.
2. перан. Дрыжыкі ад страху. Чуваць, як у вёсцы нехта крычыць, — нема, як толькі можа... Пасля стукае кулямёт — як хто, не перастаючы, б’е каменнем у шчыты. Ад гэтага па спіне ідзе шорах і дранцвеюць рукі. Пташнікаў. Успомніўшы чорта, у Юстапа бывала аж шорах па целе пойдзе. Калюга.
шорг, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шоргаць — шоргнуць. Сядзеў ціхенька, а потым — шорг нагой.
шо́рганне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. шоргаць (у 1–3 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. [Ляснік] пайшоў па слядах і неўзабаве пачуў шорганне касы. Шчарбатаў. [Марыля] таксама прыслухоўваецца да шоргання рубанка і раз за разам паглядае на мужа. Дуброўскі.
шо́ргат, ‑у, М ‑гаце, м.
1. Слабы, невыразны шум ад руху, трэння аднаго прадмета аб другі. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукам: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. Хачу паслухаць Шум сівых бароў І пахадзіць прасекаю лясною, Спыніцца над Бярозаю-ракою, Паслухаць шоргат сініх чаратоў. Свірка.
2. перан. Тое, што і шорах (у 2 знач.). Алаіза раптам ясна ўявіла, як дамавіну з яе целам апускаюць у сырую, халодную зямлю. Аж шоргат прайшоў па целе. Арабей.
шо́ргацца, ‑аецца; незак.
Шаравацца, церціся аб што‑н. Рыдлёўка глуха совалася ў зямлю, шоргалася, дзынкала аб каменне. Бядуля. Ішлі яны [Міканор з Хрыстафорам Ігнатавічам] удвух паціху, і месцамі іх адзежа шоргалася аб жорсткую кукурузу. Кулакоўскі.