Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.

1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.

2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.

3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.

уздзе́янне, ‑я, н.

Дзеянне, накіраванае на каго‑, што‑н.; уплыў. Пад уздзеяннем адпаведнай тэмпературы і іншых штучна створаных умоў з «чорнага золата» выдзяляюцца светлыя прадукты — бензін і іншыя. Хадкевіч. Гаварыў .. [інструктар райкома] горача, быццам баяўся, што спакойна сказаныя словы не будуць мець уздзеяння. Сіўцоў.

уздзёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уздзерці.

уздзіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узадрацца, уздзерціся.

2. Зал. да уздзіраць.

уздзіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узадраць, уздзерці.

уздзява́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уздзецца.

2. Зал. да уздзяваць.

уздзява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уздзець.

уздо́ўж, прысл. і прыназ.

1. прысл. Тое, што і удоўж. Урач — высокі і худы — усхвалявана прайшоў уздоўж пакойчык, шпарка павярнуўся. Мележ. / З прыназ. «па» утварае спалучэнне з М. Кірмашны гандаль ішоў уздоўж па Нямізе. Чорны.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «уздоўж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання напрамку дзеяння па даўжыні чаго‑н. Сонца схілілася на захад, і цені ад будынкаў падалі ўздоўж вуліцы. Шахавец. Уздоўж дарогі чынна з краю Слупы стаяць у два рады. Колас.

уздры́г, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уздрыгануць, уздрыгнуць і уздрыгануцца, уздрыгнуцца; дрыжанне.

уздрыгану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і уздрыгнуцца. Гучны вокліч «Стой!» прымусіў Гудовіча ўздрыгануцца. Пятніцкі. «Дарагія землякі і зямлячкі!» — голас Любы крыху ўздрыгануўся. Васілевіч. Калі Дзямід Сыч вярнуўся на папялішча роднай вёскі, сэрца яго ўздрыганулася ад невымернай жальбы. Паслядовіч. У танк маёра ўдарыў снарад, машына ўздрыганулася і стала. Гурскі.