экстаты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць экстатычнага. Тое, што мы чытаем у Грамыкавай «нібы паэме», — гэта ўжо такая экстатычнасць, такое жаданне абы падражніць аматара старызны, такая самацэннасць навацый, якія чэрпаюць, як правіла, з саміх сябе. Бярозкін.
экстаты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да экстазу. Эксгатычны стан. Экстатычны момант. // Прасякнуты экстазам, які выражае экстаз. Экстатычны танец.
э́кстра, нескл. прым.
Самы лепшы, найвышэйшы (пра сорт, якасць, гатунак тавару). Масла экстра.
[Ад лац. extra — звыш меры, занадта.]
экстра...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «звыш», «па-за», «дадаткова», напрыклад: экстраардынарны, экстрапаляцыя.
[Ад лац. extra — звыш, па-за.]
экстраакуля́рны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому ўласціва бачыць без дапамогі вачэй. Экстраакулярны зрок.
[Ад лац. extra — звыш, па-за і ocuaris — вочны.]
экстраардына́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць экстраардынарнага. Экстраардынарнасць учынку.
экстраардына́рны, ‑ая, ‑ае.
Надзвычайны, рэдкі, які выходзіць за межы звычайных з’яў; незвычайны; проціл. ардынарны.
•••
Экстраардынарны прафесар (уст.) — пасада ў навучальнай установе, якую займаў звышштатны прафесар.
[Лац. extraordinarius.]
экстравага́нтнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць экстравагантнага. Гонячыся за рознымі слоўнымі эфектамі і экстравагантнасцю стылю, асобныя паэты падсоўвалі чытачу самую што ні ёсць бяссэнсіцу, фармалістычнае награмаджэнне пустых, звонкіх слоў. Шакун.
2. Экстравагантны ўчынак; незвычайныя паводзіны. — Надзвычайная экстравагантнасць, — вымавіў.. [Захар]. — Не спадзяваўся, скажу шчыра. Але хвалю. Ты не баялася, што я магу цябе не прыняць? Асіпенка.
экстравага́нтны, ‑ая, ‑ае.
Які звяртае на сябе ўвагу сваёй незвычайнасцю, своеасаблівасцю, які разыходзіцца з агульнапрынятымі звычаямі, нормамі. [М. Танку] ў свой час падабаліся некаторыя творы «маладнякоўцаў», у тым ліку асобныя вершы А. Александровіча, нават тыя, у якіх экстравагантны паэт ішоў «з сонцам на нажы». Бугаёў.
[Фр. extravagant.]
экстрагава́нне, ‑я, н.
Спец. Раздзяленне цвёрдых ці вадкіх сумесей пры дапамозе апрацоўкі іх рознымі растваральнікамі.