Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

шырака... (гл. шырока...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «шырока...», калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напрыклад: шыракакрылы, шыракаплечы, шыраканосы.

шыракава́ты, ‑ая, ‑ае.

Зашырокі, некалькі шырокі. Плацце крыху шыракаватае, відаць, гаспадыня некалі была таўсцейшая. Асіпенка. Дзед Талаш расчуліўся.. Куртаты, шыракаваты на канцы і трохі задзёрысты нос яго падняўся ўгору і апусціўся ўніз. Колас.

шыракаго́рлы, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокае горла. Шыракагорлыя бутлі.

шыракагру́ды, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокія грудзі. Шыракагруды, з грываю рудой, буланы конь пазначаны таўром. Вялюгін. Рослы, плячысты і шыракагруды — і па сіле і па постаці ён не меў сабе роўнага ва ўсёй ваколіцы. Машара.

шыракадзю́бы, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокую дзюбу. — Паплылі! — гукнуў, як рэха, Папугай шыракадзюбы. Лужанін.

шыраказа́ды, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокі зад, таз. Банадысь сеў у сані і сцебануў пугаю сытую, шыраказадую кабылу. Чорны.

шыракакры́лы, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокія ў размаху крылы. Чараду вёў ёмкі шыракакрылы гусак. Хадкевіч.

шыракакры́сы, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокае крысо, крыссе. Шыракакрысы сурдут.

шыракала́пы, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокія лапы. Потым «Волга» ўляцела спачатку ў драбналессе, а праз якія пяць хвілін да дарогі падступілі вялікія шыракалапыя елкі. Хомчанка.

шыракалі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокае лісце. Пад шыракалістымі клёнамі, на лаўцы, насупраць будынка Музея Янкі Купалы, сядзяць старажылы-мінчане. Хведаровіч. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. Колас.