Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шыпу́н 1, ‑а, м.

1. Від лебедзя з чырвона-чорнай дзюбай і моцна выгнутай шыяй, які жыве па лесастэпавых азёрах; птушка атрада гусепадобных. Буслы.. з цікавасцю разглядалі шыпуна і не саступалі з месца. Пальчэўскі.

2. Разм. Той, хто шыпіць (у 4 знач.).

шыпу́н 2, ‑у, м.

Спец. Густы накіп пры плаўцы чыгуну.

шыпу́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць шыпучага.

шыпу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм. Шыпучы напітак. Піць шыпучку.

шыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае шыпенне. Шыпучая змяя. □ А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу. Брыль. Як гаварыў [мужчына], дык праз зубы ішоў у яго шыпучы свіст. Чорны. // Які шыпіць ад выдзялення вуглякіслага газу (пра напіткі). Я выпіў шыпучай вады, уголас падбадзёрыў сябе: — Нічога, перажывём... Пінчук.

шыпшы́на, ‑ы, ж.

Расліна сямейства ружакветных, з простымі, не махровымі кветкамі і са сцяблом, пакрытым калючкамі; дзікая ружа. Паўз дарогу раз-пораз мільгалі дрэвы, адзінокія кусты дзікай шыпшыны, усыпанай пяшчотнымі ружовымі кветкамі. Краўчанка. // Плады такой расліны. Настой з шыпшыны.

[З польск. szypszyna.]

шыпшы́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыпшыны. То ён [Віцька].. калючага дзядоўніку назапускаў дзяўчынцы ў валасы, то шыпшынавых зярнятак пасылаў за шыю. Кулакоўскі.

шыпшы́ннік, ‑у, м., зб.

Кусты, зараснік шыпшыны. На полі ўсюды рос ячмень, а на поплаўчыку многа было чубоў густога шыпшынніку. Чорны.

шыпя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. З шыпеннем.

2. Шумны шчылінны пярэднеязычны зычны гук, пры вымаўленні якога язык прымае лыжкападобную форму. Калі ж заднеязычныя асновы г, к чаргуюцца з шыпячымі ж, ч, то ў клічнай форме такія назоўнікі заканчваюцца галосным а. Граматыка. / у знач. наз. шыпя́чыя, ‑ых. — Не расіла, — пасміхаецца Надзя: яна не выгаворвае шыпячых. Васілевіч.

шыр, ‑ы, ж.

1. Шырыня, вялікія памеры ў шырыню. Крок у шыр, два крокі ўдоўж — усяе хады. Дзяргай. За лясамі, за іх палякамі — Ветраны, на ўсю шыр, прагон. Камейша.

2. Шырокая прастора. Не абняць, не змерыць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Прылад нямала змайстравана, Якімі вымеран сусвет: Зямная шыр, глыб акіяна, Шляхі да зор і да планет. Непачаловіч. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр. Глебка.

3. Тое, што і шырыня (у 3 знач.). Разгарні ты, люд рабочы, Сілу, волю ва ўсю шыр. Колас.

шырака... (гл. шырока...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «шырока...», калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напрыклад: шыракакрылы, шыракаплечы, шыраканосы.