шчыке́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да шчыкетніка.
шчыке́ты, ‑аў; адз. шчыкет, ‑а і ‑у, М ‑кеце, м.
Тое, што і штыкеты. Высокія шчыкеты навакол рынку былі аплецены зверху калючым дротам. Якімовіч. За шчыкетам квітнелі чырвоныя, жоўтыя і белыя цюльпаны. Аношкін.
шчыке́ціна, ‑ы, ж.
Тое, што і штыкеціна. Брамка з завостраных шчыкецін.. была адчынена. Чорны.
шчы́ліна, ‑ы, ж.
Вузкая, прадаўгаватай формы дзірка, адтуліна. Прыгравала веснавое сонца, нават у шчылінах асфальту зелянела трава. Гурскі. Нарэшце манетка скочыла ў шчыліну, у шклянку з хрыпам палілася газіроўка. Жычка. Тацяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Васілёнак. Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін. Колас. // Тое, што падобна, нагадвае такую адтуліну. Доўга глядзеў.. [Сымонка] ў вузкую шчыліну зямлянкі і ніяк не мог зразумець, што там прафесар робіць. Кавалёў. Яна [Тацяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзшай шыбе шчыліну. Шамякін. // Кароткі вузкі і глыбокі роў, прызначаны для ўкрыцця людзей у час бамбёжкі, артылерыйскага абстрэлу, атакі танкаў. Калі пасля спектакля мы выйшлі з тэатра на вуліцу, нас здзівіла такая хуткая змена ў горадзе: у скверах ужо былі выкананы супрацьпаветраныя шчыліны. Сяргейчык. Вара ж зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Разм. Месца, дзе можна непрыкметна пралезці куды‑н. Ваўчыныя вочы замежных пралаз Не знойдуць ні шчылін, ні пор, ні адтулін У нашыя справы, у сэрцы да нас. Панчанка. [Шарупіч:] — Што ты хочаш? Каб я хабар даваў? Або шчылін шукаў? Карпаў. // перан. Разм. Зацішнае, надзейнае месца, якое з’яўляецца сховішчам для каго‑н. [Гарлахвацкі:] Яго [двурушніка] мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца. Крапіва. Вылезлі з сваёй шчыліны стары Сабяга з сынам. Шахавец. Прачнуўшыся на другі дзень і апамятаўшыся, .. [Хвядос] так напалохаўся свайго ўчынку, што забіўся недзе ў шчыліну, праседзеў, як мыш, усе гэтыя трывожныя дні. Машара. // Спец. Вузкая адтуліна правільнай формы пэўнага прызначэння ў машыне, механізме і пад. Праз шчыліну байніцы.. [Мучаідзе] бачыў вузкую дарогу. Самуйлёнак. [Мірановіч] бачыў, як байцы цэліліся, стараючыся трапіць у глядзельную шчыліну ці ў гусеніцы. Марціновіч. // У анатоміі — вузкая поласць у арганізме.
•••
Галасавая шчыліна — праход паміж галасавымі звязкамі.
шчылінава́ты, ‑ая, ‑ае.
Спярэшчаны шчылінамі, са шчылінамі. Шчылінаватыя сцены.
шчы́лінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да шчыліна; невялікая шчыліна. Грубачка стаяла беленькая, ні шчылінкі, ні драпінкі на ёй. Ермаловіч. // Пра вочы. [Багдановіч] высокі, худы, з вузенькімі шчылінкамі праніклівых вачэй, у студэнцкай тужурцы. Густы чуб непаслухмяных цёмна-русых валасоў звісаў на лоб. Мядзёлка.
шчы́лінны, ‑ая, ‑ае.
У тэхніцы — які мае шчыліны. Шчылінная антэна.
шчылі́нны, ‑ая, ‑ае.
У мовазнаўстве — гук, які ўтвараецца трэннем паветра ў шчыліне паміж збліжанымі органамі маўлення; фрыкатыўны.
шчы́лісты, ‑ая, ‑ае.
Які мае шмат шчылін, дзірак і пад. Шчылістая падлога. Шчылістыя дзверы.
шчы́льна, прысл.
1. Прысл. да шчыльны.
2. Вельмі цесна, ушчыльную (прыціснуўшы, далучыўшы адно да другога). Аб чым жа думаў хлопчык? Відаць, аб чымсьці важным і сур’ёзным, бо губы яго былі шчыльна самкнуты. Колас. Купальнік шчыльна абцягваў.. кволыя і пяшчотныя плечы [жанчыны]. Караткевіч. // Наглуха, так, каб не было ніякіх прамежкаў, адтулін. Оля шчыльна прыпыніла дзверы і замкнула іх знутры. Мележ.
шчы́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць шчыльнага. Шчыльнасць тутэйшага паветра аказалася падманлівай, і Блажэвіч ледзь не бразнуўся на пясок. Шыцік.
2. Спец. Маса цела, заключаная ў адзінцы яго аб’ёму.
•••
Шчыльнасць агню — колькасць снарадаў, мін, куль, што выпускаюцца на кожныя 100 м фронту або 1 га плошчы абстрэлу.
Шчыльнасць насельніцтва — колькасць жыхароў, якая прыпадае на 1 км² плошчы.