шу́фель, ‑фля, м.
Шырокая, глыбокая лапата, прызначаная, галоўным чынам, для перасыпання сыпучых рэчываў. Андрэй набраў шуфель жыта, патрос над засекам і, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех. Грахоўскі. Барашкін грузіў смецце на каламажку шуфлем. Шуфель быў шырокі, з вельмі зручна выгнутым дзержаком. Савіцкі.
шу́фельны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шуфля. Шуфельная ручка.
шу́флік, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да шуфель; невялікі шуфель. [Барыска] меў свой невялічкі шуфлік і старанна «памагаў» мацеры. Васілёнак.
шуфлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
Зграбаць, сыпаць, перасыпаць і пад. што‑н. шуфлем. [Кісяленка:] — Часам чалавек дзесяць-пятнаццаць бяруць з кожнага барака на электрастанцыю вугаль шуфляваць. С. Александровіч. Выходжу на паляну — і раптам натыкаюся на той жа самы грузавік. Дзяўчаты ззаду ў яго пясок шуфлююць. Ракітны.
шуфля́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Скрынка з невысокімі сценкамі і дном, зробленая з дошак ці фанеры, якая служыць для захоўвання, складвання якіх‑н. рэчаў. Рыгор Данілавіч дастаў з шуфляды стала тоўсты каленкоравы сшытак і пачаў чытаць сваё апавяданне. Хведаровіч. Абедзвюма рукамі.. [Бабейка] згроб паперы са стала і кінуў у шуфляду камоды. Хадкевіч. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай. Васілевіч.
2. Збітыя ў выглядзе прамавугольніка дошкі, змешчаныя ў аконным праёме, унутры якіх замацоўваюць раму. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя, і шалёўка на іх шчыльна дапушчана. Чорны.
шух, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку ад глухога, кароткага шуму. Крумкач падымаецца — шух-шух-шух. Барадулін.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шухаць, шухнуць і шухнуцца. Я паперы свае — шух у шафу. Гатоў, маўляў, ісці. Савіцкі.
шу́ханне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шухаць.
шу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. У працэсе працы, руху, дзеяння і пад. утвараць глухі характэрны гук. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем, ды пагрымлівае бульба, падаючы ў кашы. Ракітны.
шу́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Хутка, з шумам упасці адкуль‑н. Адрэзаны кавалак дошкі хруснуў, шухнуўся ўніз. Ставер.
шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.
2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.
3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.
4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.
5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.