шуро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. шураваць (у 1 знач.).
2. Доўгі металічны стрыжань для перамешвання паліва і ачысткі топкі ад шлаку.
шурпа́тасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць шурпатага. Каб не ўпасці, Алеся намацвае рукамі халодную шурпатасць сцяны. Скрыган.
2. Нягладкае, з невялікімі няроўнасцямі месца. Настаўнік узяў разец і некалькі разоў прайшоўся ім, падчышчаючы шурпатасці. Пальчэўскі.
3. звычайна мн. (шурпа́тасці, ‑ей); перан. Непрыемнасці, непаразуменні і пад. (пра чые‑н. адносіны). Час ідзе. З кожным днём змяняецца жыццё, згладжваюцца былыя шурпатасці. Шынклер.
шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.
2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.
шурпа́цець, ‑ее; незак.
Станавіцца шурпатым (у 1 знач.). Скура шурпацее.
шурпа́ціцца, ‑паціцца; незак.
Тое, што і шурпацець.
шурпа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак., што.
Рабіць што‑н. шурпатым (у 1 знач.). Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка.
шуру́м-буру́м, ‑у, м.
Беспарадак, сумятня. Стаяў шурум-бурум у хаце.
шурф, ‑а, м.
Спец. Вертыкальная або нахіленая падземная вырабатка для разведвання залягання карысных выкапняў, вентыляцыі, узрыўных работ і пад., якая ідзе з паверхні зямлі і мае невялікую глыбіню. На трасе ўжо шуфры закладзены, — Для пробы ўзяты грунт. Астрэйка.
[Ням. Schurf.]
шурфава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шурфаваць.
шурфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., што і без дап.
Спец. Весці разведку горных парод пры дапамозе шурфаў.