Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шуці́ха, ‑і, ДМ ‑цісе, ж.

Феерверачная ракета, якая пакідае зігзагападобны вогненны след.

шу́шамець, ‑і, ж.

Абл. Смецце. У тыя дні складаліся кантрольныя лічбы, самакрытычная мятла вымятала з самых цёмных кутоў усялякую шушамець. Чорны.

шушпа́н, ‑а, м.

Старажытнае верхняе жаночае адзенне ў выглядзе свабоднага кафтана або шырокай доўгай кашулі, сарафана.

шушу́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шушукаць і шушукацца, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пасля доўгага шушукання на кухні Ніна паявілася ў пакоі. Асіпенка.

шушу́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Шаптацца з кім‑н. (звычайна па сакрэту). З некаторага часу Мар’янка заўважыла, што яе свёкар і Амяльян аб чымсьці шушукаюцца, стараючыся схавацца ад яе. Колас. Хлопцы — у большасці гэта былі падлеткі, школьнікі, .. — шушукаліся між сабой, дурэлі, штурхалі адзін другога пад бакі. Кудравец. // Па сакрэту пляткарыць аб кім‑, чым‑н. — Ты ж .. сяброўка [Волькі], шушукаліся разам.. [Надзя:] — Я нічога не ведаю. М. Ткачоў.

2. перан. Утвараць ціхі шум (у 1 знач.); шамацець, шапацець. Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Бядуля. Балотца было затоплена вадою, толькі ўзбоч, ля кустоў, рыжэлі сям-там купіны і шушукаўся чарот. Сачанка.

шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.

2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.

шхе́ры, ‑аў; адз. няма.

Спец. Скалістыя астравы побач з моцна зрэзанымі марскімі берагамі; прыбярэжны марскі раён, у склад якога ўваходзяць такія астравы. Здаецца, ці выгляне сонца калі. Ад левага борта скалістыя шхеры, Ад правага — голыя горы ўдалі. Танк.

[Ад швед. skär — скалісты востраў.]

шху́на, ‑ы, ж.

Парусы карабель, які мае дзве або некалькі мачтаў з касымі парусамі. Не будзе кідацца акіян На фарштэвень шхуны маёй. Караткевіч. Мора баразнілі рыбацкія шхуны, баркасы. Карпаў.

[Англ. schooner.]

шчабнява́ць, ‑нюю, ‑нюеш, ‑нюе; незак., што.

Засыпаць, пакрываць што‑н. шчэбенем. Шчабняваць дарогу.

шчабята́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчабятаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. З вясёлым шчабятаннем залятала сюды пара ластавачак, аблюбаваўшых сабе месца для гняздзечка, і парушала гэтую маўклівасць сялянскага зацішку. Колас. Нідзе не чуваць было ні музыкі, ні спеваў, ні вясёлага шчабятання дзяцей, ні юнацкага смеху. Няхай.