шматтыра́жны, ‑ая, ‑ае.
Які выдаецца, выходзіць вялікім тыражом. Увечары па пакоях інтэрната разнеслі шматтыражную газету «Чырвоны аграном». Сабаленка.
шматты́сячны, ‑ая, ‑ае.
Які налічвае або каштуе шмат тысяч. Пыл воблакамі ўздымаўся з-пад ног канвою і шматтысячнага натоўпу людзей, кружыўся над людзьмі і павольна асядаў на іх. Галавач.
шматфа́зны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які праходзіць некалькі або многа фаз. Шматфазны генератар пераменнага току. Шматфазны пераменны ток.
шматфа́рбны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і шматкаляровы (у 1 знач.). Яны [каменьчыкі] шматфарбныя, бліскучыя, празрыстыя; у іх дзівосныя імёны: Халцадон, Сердалік, Нефрыт... Брыль.
2. перан. Яркі, каларытны. Шматфарбны свет у мае ўваходзіць знічкі, Каб акунуцца ў крыніцу сэрца І песняй непаўторнай празвінець. Панчанка. Шматфарбная краса формы нішто, калі ў ёй няма ніякага зместу, — такую выразную думку ўклаў у гэты верш паэт. Лойка.
шматцылі́ндравы, ‑ая, ‑ае.
Які мае некалькі або шмат цыліндраў. Шматцыліндравы аўтамабіль. Шматцыліндравы матор.
шмат’я́русны, ‑ая, ‑ае.
Які мае некалькі ці шмат ярусаў, гарызантальных радоў, размешчаных у выглядзе паверхаў. Пры браме была яшчэ высокая шмат’ярусная вежа. «Помнікі».
шмаццё, ‑я, н., зб.
Тое, што і шмоцце. Я падстаўляю зэдлік і лезу на печ, з якой патыхае сырой аўчынай, разграбаю нейкае шмаццё і адразу засынаю. Ус.
шморг, выкл. у знач. вык.
Ужываецца паводле знач. дзеясл. шморгаць — шмаргануць. Бабіна дачка — шморг! і выцягнула з.. [чароціны] сталёвы прут. Якімовіч. — А старшыня, — не спыняўся расказчык, — адскочыўся ды за люстэрка. Хустачку выняў — шморг, шморг — выціраецца. Брыль.
шмо́рганне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шморгаць.
шмо́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Церці сваёй паверхняй аб паверхню іншага прадмета. Зараз жа пастронкі напяліся, як струны, раскудзеленыя вузлы на іх шморгаліся па конскіх баках. Чорны.
2. перан. Абл. Знаходзіцца, быць дзе‑н., каля чаго‑н., сярод каго‑н. (звычайна, пра непажаданую ці непрыемную прысутнасць каго‑н.). [Майзель:] — Розныя Баргоны-шмаргоны шморгаюцца на бровары, каля бровара, п’юць піва і ашукваюць рабочых. Мурашка.