шматсто́пны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з многіх вершаваных стоп. Шматстопны ямб.
шматступе́нны, ‑ая, ‑ае.
Які праходзіць шэраг ступеней, стадый. Шматступенная сістэма адбору. // Які адбываецца па ступенях, перыядах. Шматступенная сістэма выбараў.
шматступе́ньчаты, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з вялікай колькасці ступеней. Я ўяўляю змену пакаленняў Жывою шматступеньчатай ракетай. Грахоўскі.
шматсяме́йнасць, ‑і, ж.
Стан шматсямейнага; наяўнасць вялікай сям’і.
шматсяме́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую сям’ю, шмат дзяцей. Шматсямейная маці.
шматто́мнік, ‑а, м.
Разм. Творы, навуковыя працы і пад. якога‑н. аўтара, выдадзеныя ў некалькіх ці многіх тамах. Калі нам будуць тыя помнікі?! Цяпер нам Помнікі — Шматтомнікі. Барадулін.
шматто́мны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з некалькіх, з многіх тамоў; выдадзены ў некалькіх ці многіх тамах. Шматтомная праца. □ На базе.. [картатэкі] з 1960 г. пачалося ўкладанне шматтомнага тлумачальнага слоўніка сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Суднік.
шматто́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які важыць шмат тон; вельмі цяжкі. Цяпер ужо і Паўлік адчуў, як шматтонная глыба камбайна, бы пушынка, падпарадкоўвалася яго рухам. Беразняк.
2. Які мае ўмяшчальнасць або грузападымальнасць у некалькі тон. Гляджу — імчыцца па асфальце, спяшыць шматтонны самазвал Туды, дзе просяць: — Цэглы дайце!.. Дзе новы ўжо расце квартал. Смагаровіч.
шматтыра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Разм. Друкаваная газета прадпрыемства, установы, якая рэгулярна выдаецца значным тыражом. Аб рацыяналізатарскай прапанове Аляксеева — Кашына гаварылі на сходах, пра яе пісала ўжо заводская шматтыражка «Аўтазаводзец». Карпаў.
шматтыра́жны, ‑ая, ‑ае.
Які выдаецца, выходзіць вялікім тыражом. Увечары па пакоях інтэрната разнеслі шматтыражную газету «Чырвоны аграном». Сабаленка.