шала́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Пласкадонная несамаходная баржа, якая служыць для пагрузкі і разгрузкі суднаў, для перавозкі грунту з землечарпальных снарадаў. Выгружаць зямлю з шаланды.
2. На Чорным моры — парусная пласкадонная рыбацкая лодка. Рыбацкія шаланды. □ На новую шаланду рыбакі З уловам невад выбіраюць. Корбан.
[Фр. chaland.]
шалапу́т, ‑а, М ‑пуце, м.
Разм. Легкадумны, пусты чалавек; баламут; свавольнік. [Міхаленя:] — Малады чалавек, калі ты ў асабістым жыцці такі ж шалапут, як быў у гэтым палёце, то дрэнь справы. Алешка. Ці адкрывацца Васілю Раманавічу?.. Асудзіць ці не? А можа палічыць за шалапута і не даверыць сур’ёзных заданняў. Новікаў. І будзе прасвятлелы тварам, Не зведаўшы жыцця пакут, Чакаць свой мяч на тратуары З каленкам збітым шалапут. Вярба.
шалапу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да шалапут.
шалапу́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць шалапутнага. Боўдзілам звалі вяскоўцы Сямёна Кірэйку даўно. Звалі так за яго гультаяватасць, шалапутнасць ды цягу да гарэлкі. Марціновіч.
шалапу́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паводзіць сябе як шалапут; лайдачыць, сваволіць. Не працуе, а шалапутнічае.
шалапу́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Легкадумны, дзівацкі, узбаламучаны. Сярэдняя ж сястра Клава гаварыла, што ў Марыі на дні сем пятніц, што яна выскачка, да таго яшчэ шалапутная. Гроднеў. Сыны раслі шалапутныя. Адзін рыбалкай захапіўся, другі — музыкай, трэці — паляваннем, чацвёрты мяняць усё любіў. Жычка.
шалапу́цтва, ‑а, н.
Разм. Уласцівасць шалапутнага; паводзіны, учынкі шалапута. Ледзь-ледзь прымусіла скончыць дзесяць класаў. На працы доўга не заседжваецца, скача з месца на месца, выбірае, дзе менш угінацца трэба... Прычынай такога Ірчынага шалапуцтва Галя лічыла яе прыгажосць. Хомчанка.
шалахво́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Разм. неадабр. Легкадумны чалавек. Балбатуны і шалахвосты не імпанавалі Івану. Новікаў.
шалахво́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. неадабр. Жан. да шалахвост.
шалахту́н, ‑а, м.
Абл. Балбатлівы чалавек; пустазвон. Благі той сват, што, дзе трэба, спрытна пагаварыць не ўмее, але бяда, калі і залішне шалахтун. Калюга.