шакала́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Плітка шакаладу. Пасля сказала [дзяўчынка]: — А мне баба Каця прыносіла, як ехала да Генькі, вафлі і дзве шакаладкі. Чыгрынаў.
шакала́днік, ‑а, м.
Той, хто вырабляе шакалад.
шакала́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шакаладу. Шакаладная маса. Шакаладны парашок. // Які вырабляе шакалад. Шакаладная фабрыка. // Прыгатаваны з шакаладу, з шакаладам. [Цукеркі] былі розных гатункаў і памераў: і плітачкамі — шакаладныя, і доўгія, як сігары, — мятныя, і круглыя, як арэхі. Гамолка.
2. Колеру шакаладу, карычневы. Жанчыны ў просценькіх стракатых уборах і амаль усе ў хустках, мужчыны без кашуль — у саколках і галіфэ, хлопцы і падлеткі найбольш голыя па пояс і шакаладныя ад загару. Карпаў.
шакалі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шакала, які ўласцівы шакалу. Шакалінае выццё. // Які складаецца з шакалаў. Шакаліная зграя.
шакі́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад шакіраваць.
шакі́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
Уст. Адчуваць няёмкасць, усхваляванасць ад якога‑н. учынку, выказвання, што парушае правілы прыстойнасці.
шакі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
Бянтэжыць, ставіць у няёмкае становішча каго‑н. сваімі паводзінамі (парушаючы правілы прыстойнасці). Лазарэвіча спярша шакіравалі і фамільярныя, адносіны да яго гэтай прыгожай жанчыны і яе ледзь не блатняцкі жаргон. Паслядовіч.
[Ад фр. choquer.]
шал, ‑у, м.
1. Псіхічны стан чалавека, ахопленага вялікім гневам, узбуджэннем; шаленства, раз’юшанасць. Віктар яшчэ болей чырванее; вочы, звужаныя шалам, зыркаюць дзёрзка і нядобра. Савіцкі.
2. Гарэзлівасць, свавольства; гулянка. І сэрца поўняць маладыя сілы, І хмеліць галаву вясновы шал. Бураўкін. Роўныя, як на падбор, былыя дзесяцікласніцы пачыналі шалы ў вадзе, на беразе. Мыслівец. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Прымаўка.
шаламі́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; незак., каго-што.
1. Ашаламляць, рабіць моцнае ўражанне, прыводзіць у замяшанне. Гэтак шаломіць чалавека раптоўны гром, маланка ў цёмнай ночы, зычны стук гарматы, што знянацку парушае цішу. Гартны.
2. П’яніць, адурманьваць. Піва шаломіць стомленыя галовы, робіцца трохі весялей. Колас.