цы́мус, ‑у, м.
1. Разм. Самае цікавае, істотнае; сутнасць каго‑, чаго‑н. [Сёмка:] — Важна тут сама карціна, у ёй увесь цымус. Каваль. [Барановічаў кум:] — Іншы кажа, што ён, — тое ды гэтае. А тут выходзіць, што толькі і цымусу ў яго, што ён .. пагаварыць умее. Чорны.
2. Салодкая страва толькі з морквы. Прыгатаваць цымус. // Пра што‑н. вельмі смачнае.
цынанда́лі,
Сорт вінаграднага грузінскага віна. Не піць цынандалі з турынага рога, — Чарнець ім [ворагам] касцямі на голым каменні. Броўка.
цынга́, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
Хвароба, выкліканая доўгай нястачай вітаміну C у арганізме; выражаецца ў агульнай слабасці, кроватачывасці дзяснаў і пад. Людзі пакутавалі ад цынгі, ліхаманкі. Кухараў.
цынго́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цынгі; звязаны з захворваннем цынгой. Цынготнае захворванне. Цынготныя дзясны.
2. Хворы на цынгу. Цынготны хворы.
цынера́рыя, ‑і, ж.
Дэкаратыўная травяністая расліна сямейства складанакветных з серабрыста-шэрымі апушанымі лістамі.
[Ад лац. cinerarius — папялісты.]
цыні́зм, ‑у, м.
Пагардлівыя адносіны да агульнапрынятых правіл маралі; бессаромнасць, нахабства.
[Грэч. kynismós.]
цы́нік, ‑а, м.
Цынічны чалавек. [Іван:] — Ну і цынік жа ты, Валька. Пра дзяўчат гаворыш, нібыта чаравікі купляеш — хоць дзесяць пар мерай, а браць неабавязкова. Грахоўскі.
[Ад грэч. kyon — сабака.]
цыні́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цынічнага. Цынічнасць учынку. □ Гогаль разам з тым бачыць цынічнасць куплі і продажу ў шлюбных адносінах у камедыі «Жаніцьба». «Полымя».
цыні́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які праяўляе цынізм, бессаромнасць. Знешне грубаваты і цынічны, Славік быў уражлівы. Шамякін.
2. Поўны цынізму, бессаромнасці. Цынічная абраза. □ [Галіна:] — О, як я ўзлавалася на цябе! Мне ўсё ўспаміналася тая жанчына, нават не жанчына, а ліст яе да цябе — нахабны, цынічны, — ад чаго мне яшчэ горш балела, бо я бачыла, якая гразь прыліпае да цябе... Скрыган.
цы́нія, ‑і, ж.
Травяністая дэкаратыўная расліна сямейства складанакветных з буйнымі яркімі кветкамі. Не цвітуць тут цыніі і флоксы, Цяжка шыны пыл гарачы мнуць. Панчанка.
[Ад уласн. імя.]