над’е́сці, над’ем, над’ясі, над’есць; над’ядзім, над’ясце, над’ядуць; заг. над’еш; зак., што.
Адкусіць кавалак чаго‑н. Над’есці булку.
над’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.
Разм. Прыехаць у патрэбны момант. Тут і госці над’ехалі.
наджа́ліць, ‑іць; зак., каго.
Накусаць, пакусаць (пра пчол, чмялёў, восаў). Больш за ўсіх дасталося Ціхану, пчолы наджалілі так, што Мальвіна, прыйшоўшы дамоў, не пазнала хлопца. Дуброўскі.
наджга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Апячы, напячы якой‑н. пякучай раслінай. Наджгаць ногі крапівой.
2. Пакусаць (пра пчол, аваднёў і некаторых іншых насякомых).
надзвыча́йна, прысл.
1. У высокай ступені. Надзвычайна ўпарты. □ З галавой, з шчырасцю аддаўся Пятрусь надзвычайна карыснай справе. Нікановіч.
2. Вельмі, надта. Сярод вясковага люду аўтарытэт Самабыля, як краўца і слаўнага чалавека, стаіць надзвычайна высока. Колас. Таццяна радасна ажывілася — ёй надзвычайна прыемна было, што Зелянюк ставіцца да яе з шчырай даверлівасцю і нават радзіцца з ёй. Зарэцкі.
надзвыча́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць надзвычайнага. [Майбарада] адразу зразумеў надзвычайнасць і вялікую важнасць задання. Шамякін.
надзвыча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Экстранны, спецыяльна прызначаны, прыняты, скліканы і г. д. Надзвычайны з’евд. Надзвычайныя меры. // Выкліканы выключнымі абставінамі. Надзвычайнае становішча. Надзвычайнае заканадаўства. // Надзелены асобымі паўнамоцтвамі. Надзвычайны камісар. Надзвычайны і паўнамоцны пасол.
2. Вельмі вялікі, моцны па сваёй сіле, праяўленню. Поспех «Валад і рамансаў» Міцкевіча ў чытача быў надзвычайны. Лойка. Маладзілі мяне і давалі надзвычайнае натхненне мае гарачыя маладыя думкі. Нікановіч.
3. Тое, што і незвычайны (у 2 знач.). Надзвычайны быў гэты сход: сяляне пастанавілі выдаць савецкай уладзе ўсіх самагоншчыкаў свайго сельсавета. Бядуля.
4. Які мае вялікае значэнне. Мастацкія пераклады набылі ў апошнія гады надзвычайную актуальнасць. Палітыка.
5. у знач. наз. надзвыча́йнае, ‑ага, н. Нешта выключнае, не такое, як усё. [Прыборны] быў вялікі аматар усяго надзвычайнага, прыгодніцкага. Шамякін.
надзе́жнік, ‑а, м.
Невялікі абрус для накрывання дзежкі-хлебніцы. Па стале белы надзежнік, і на яго насыпана вараная бульба. Пташнікаў.
надзе́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць, якасць надзейнага. Надзейнасць работы матора. □ [Іван і Віктар] бачылі, як дырэктар выйшаў на ганачак, як замкнуў дзверы, як тузануў за ручку, правяраючы надзейнасць замка. Васілёнак.