Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

хада́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хадзіць — ісці (у 1 знач.). Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры. Крапіва.

2. Уласцівая каму‑н. манера хадзіць; паходка. Хоць дзяўчына была далекавата, .. [Леанід] пазнаў: гэта Алечка! Пазнаў па лёгкай постаці, па хадзе, сціплай, строгай. Мележ. Голас. [Аўдолі] быў грубы, уладарны, хада размашыстая, як у салдата, і смешна было глядзець, калі яна сваімі кароткімі ножкамі адмервае шырачэзныя крокі. Чарнышэвіч. // (звычайна са словамі «прыспешыць», «паскорыць», «прыбавіць», «прыцішыць» і пад.). Тэмп такога перамяшчэння. Андрэй падумаў, што, мусіць, спяшыць, і прыцішыў хаду. Пташнікаў. // Характар такога перамяшчэння. [Бабрыцкі] выпацкаўся ў торф да калень, замачыў ногі, пад вечар стаміўся і ішоў цяжкай хадою. Дуброўскі. Сымон абагнаў Сцёпку і таропкаю хадою пашыбаваў у бок царквы. П. Ткачоў. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася ад сытасці і, відаць, не хацела ці не магла ўступаць у бойку. В. Вольскі.

3. перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Калонай роўнаю ідуць за днямі дні. Якая стройная хада падзей! Глебка. І хоць Люда сядзела ў пакоі, яна выразна чула гэты вясновы гоман палёў, непераможную хаду вясны па зямлі. Хадкевіч.

•••

Сваёй хадой — тое, што і сваім ходам (гл. ход). Жыццё прывыкла да парадку. Яно сваёй хадой ідзе. Чэрня.

хадавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Спец. Які мае адносіны да ходу (у 1 знач.); звязаны з рухам, перамяшчэннем. Хадавая сістэма аўтамабіля. □ Такую машыну Дзмітрый вёў упершыню. І ўжо на першых кіламетрах ацаніў яе хадавыя якасці. Беразняк. // Патрэбны для праходжання якой‑н. адлегласці (пра час). Хадавыя гадзіны карабля. // Звязаны з кіраваннем судна ў час яго руху. Хадавая рубка. Хадавы мосцік.

2. Які знаходзіцца на хаду, у эксплуатацыі. Хадавы транспарт. Хадавыя машыны.

3. Спец. Рухомы, не замацаваны ў пэўным месцы. Хадавы вал. Хадавое крыло невада.

4. Разм. Які мае вялікі попыт. Хадавы тавар. Хадавыя размеры абутку. // Шырока вядомы, пашыраны; які часта выкарыстоўваецца. Хадавая тэма. Хадавыя выразы. □ У крытыцы ёсць некалькі хадавых схем, якія лёгка прыкладаюцца да пейзажу любога твора. Шкраба.

5. Разм. Які многа дзе бываў, ведае справу. [Андрэй:] — Агапа жанчына хадавая, трэба ў яе запытаць. Чарнышэвіч.

6. Спец. Звязаны з перамяшчэннем у пэўны перыяд у пэўным кірунку. Хадавая рыба. Хадавы алень.

хада́йнік, ‑а, м.

1. Той, хто хадайнічае за каго‑н.; заступнік, абаронца. Аляксандр Акімавіч быў нам сябрам, начальствам, добраахвотным хадайнікам па нашых больш ці менш важных справах. М. Стральцоў.

2. Уст. Асоба, якая вядзе чыю‑н. справу ў судах, установах.

хада́йніца, ‑ы, ж.

Жан. да хадайнік.

хада́йніцтва, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хадайнічаць (у 1 знач.).

2. Дакумент з афіцыйнай просьбай аб чым‑н., прадстаўленне на што‑н. Кожны дзень у праўленне прыходзіць нямала розных пісем, заяў, хадайніцтваў. Кулакоўскі. [Бранзельс:] Пішыце новае хадайніцтва. [Мірмановіч:] Я з прынцыпу не буду пісаць. Чорны.

хада́йнічанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. хадайнічаць (у 1 знач.).

хада́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., за каго-што, аб кім-чым, са злучн. «каб» і без дап.

Звяртацца з афіцыйнай просьбай аб чым‑н. Неспадзявана захварэла Андрэева маці, якая адна жыла ў вёсцы, і райваенкамат пачаў хадайнічаць, каб радавога Сячнёва дэмабілізавалі раней часу. Чыгрынаў. [Карпачоў:] — Вы [Марына Паўлаўна] прызначаны дырэктарам.. школы. Мы пайшлі насустрач неаднаразовым просьбам і заявам паважанага Івана Паўлавіча і хадайнічалі перад аблана аб вашым прызначэнні. Васілевіч. Цяпер Турава быццам хадайнічала за.. [Мурашку]. Савіцкі. Ездзіў [Мароз] некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. Быкаў.

хадакі́, ‑оў; адз. хада к, ‑а, м.

Разм. Боты, у якіх адрэзаны халявы; атопкі. Насунуўшы хадакі на ногі, выйшаў [Гумоўскі] у сенцы і асцярожна адчыніў дзверы. Броўка. Дзед прынёс боты, адрэзаў ад іх халявы, а хадакі кінуў унучцы. С. Александровіч.

хадаме́р, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння пад’ёму шрубавай разьбы.