Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фэст, ‑у, М ‑сце, м.

Царкоўнае прастольнае свята (часцей каталіцкае). Увесну, у дзень Ефрасінні — заснавальніцы манастыра.. наладжваўся квяцісты і шумлівы фэст, на які прыязджаў народ з шырокага наваколля. Хадкевіч. // Наогул свята з кірмашамі і пагулянкамі. Яны [дочкі] думаюць, што тут па-ранейшаму спраўляюць старыя фэсты, і пераходзяць па чарзе з хаты ў хату сваёй шматлікай радні. Ракітны. // Разм. Якое‑н. мерапрыемства пад гэтай назвай. — Мы свой «фэст» наладзім, — казаў Сцёпка, бо моладзь згаварылася пусціць канал якраз у гэты дзень, калі збярэцца народ каля «святога калодзежа». Колас.

фюзеля́ж, ‑а, м.

Корпус лятальнага апарата, які служыць для размяшчэння экіпажа, пасажыраў і грузаў. Пад сонцам забліскалі алюмініевыя фюзеляжы знішчальнікаў. Паслядовіч. Былі добра відаць крыжы з белымі разводамі на крылах і на фюзеляжы, а таксама галовы лётчыкаў у чорных шлемах. Навуменка.

фюзеля́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фюзеляжа.

фю́рэр, ‑а, м.

У германскіх краінах — кіраўнік, правадыр; у фашысцкай Германіі — верхавод злачыннай нацысцкай партыі (пра Гітлера).

[Ням. Führer — правадыр.]

х, нескл., н.

1. Дваццаць чацвёртая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «ха». Вялікае х.

2. Глухі, заднеязычны, шчылінны зычны гук.

ха 1, нескл., н.

Назва літары «х».

ха 2, выкл.

Разм. Выказвае нязгоду з чым‑н., абурэнне з прычыны чаго‑н. (часам з адценнем іроніі, знявагі). — Не спраўлюся я, Максім Рыгоравіч. — Ха! — Мароз выцяў Гаварушку па плячы. — А хто ж справіцца? Лобан. — А злоты нам, дзед, усё-такі заплаціш, — пагразіў Том. — Ха, спадзявайцеся. Многа я іх назапасіў вам. Пальчэўскі. Волька пакрыўджана надзімае губы. Яна выдумала?! Ха, вы толькі паглядзіце! Паўлаў.

хааты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хаатычнага. Хаатычнасць руху. □ Максім стаяў у натоўпе і стараўся разабрацца ў хаатычнасці бунтарскага ўздыму. Машара.

хааты́чны, ‑ая, ‑ае.

Бязладны, пазбаўлены парадку, паслядоўнасці, арганізаванасці. На шырокіх прасторах зямлі бурліць вір змагання, жорсткага, бязлітаснага, але не бязладнага і хаатычнага, а змагання, падпарадкаванага акрэсленаму закону. Колас. На гэты раз на экране ўзніклі хаатычныя хвалі, якія, здавалася, вось-вось набудуць нейкі пэўны выгляд. Шыцік.

хабанэ́ра, ‑ы, ж.

1. Кубінскі народны танец, пашыраны ў Іспаніі і Лацінскай Амерыцы, а таксама музыка да гэтага танца. Танцаваць хабанэру.

2. Музычны твор у стылі гэтага танца. Хабанэра з оперы Бізэ «Кармэн». Хабанэра для фартэпіяна Шабрые.

[Ісп. habanera.]

ха́бар, ‑у, м.

Грошы або рэчы, што даюцца каму‑н. як подкуп з мэтай атрымання пэўнай выгады; барыш. [Пётра:] Хто пасля князя тут галоўны будзе, каму ў ногі кінуцца ці хабар даць. Клімковіч. Часта прыязджалі акцызнікі, правяралі градусы гарэлкі і бралі ў карчмара хабар. Бядуля. Калі трапляўся наведвальнік скупы на хабар, то Рабушка цягнуў справу так, што таму моташна рабілася. Новікаў. І толькі той для Жука блізкі сябар, Хто дасць у лапу хабар. Крапіва.

[Ад араб. habar — паведамленне.]