ха́бар, ‑у, м.
Грошы або рэчы, што даюцца каму‑н. як подкуп з мэтай атрымання пэўнай выгады; барыш. [Пётра:] Хто пасля князя тут галоўны будзе, каму ў ногі кінуцца ці хабар даць. Клімковіч. Часта прыязджалі акцызнікі, правяралі градусы гарэлкі і бралі ў карчмара хабар. Бядуля. Калі трапляўся наведвальнік скупы на хабар, то Рабушка цягнуў справу так, што таму моташна рабілася. Новікаў. І толькі той для Жука блізкі сябар, Хто дасць у лапу хабар. Крапіва.
[Ад араб. habar — паведамленне.]
хабарадава́льнік, ‑а, м.
Той, хто дае хабар каму‑н.
ха́барнік, ‑а, м.
Той, хто бярэ хабар. Хабарнік бярэ хабар і — увесь час дрыжыць, каб яго не злавілі за руку. Асіпенка. З месяц.. [сябры Гарасіма] ваявалі з упартым хабарнікам, пакуль той не здаўся. Якімовіч.
ха́барніцкі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы хабарнікам, хабарніцтву. Хабарніцкія манеры. Хабарніцкі нораў.
ха́барніцтва, ‑а, н.
Злачынства, звязанае з атрыманнем службовай асобай хабару, або дача ёй хабару. Хабарніцтва караецца законам. □ [Казік:] — Ну тут.. [войт] разгарнуўся ва ўсю шыр — квітнее, брат, і хабарніцтва, і нахабнасць, і самавольства, а пан войт плавае, як сыр у масле. Машара.
хабато́к, ‑тка, м.
1. Памянш. да хобат.
2. Орган ссання ў членістаногіх жывёл у выглядзе выцягнутага ў трубку рота. Пчолкі збіралі нектар адмысловым хабатком. Грамовіч.
хава́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто хавае што‑н., кладзе ў невядомае для іншых месца.
2. Службовая асоба ў музеях, бібліятэках, архівах, якая захоўвае, зберагае што‑н. Хавальнік рукапісных фондаў. □ Нядаўна савецкі і зарубежны друк абышло паведамленне пра знаходку, якую галоўны хавальнік Дзяржаўнага Эрмітажа І.Г. Спаскі назваў надзеяй веку ў нумізматыцы. «Помнікі».
хава́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. хаваць 1 і хавацца 1.
хава́нне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. хаваць 2.