фігура́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае многа фігур (у 10 знач.), характарызуецца наяўнасцю фігур; напышлівы. Фігуральная мова.
2. Алегарычны, вобразны. Фігуральны зварот. □ Думка гэта правільная не ў літаратурным, а ў фігуральным яе сэнсе. Перкін.
фігура́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Уст.
1. Танцоўшчык у групавых балетных выступленнях.
2. Драматычны акцёр, які іграе ролі без слоў.
[Фр. figurant.]
фігура́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Уст. Жан. да фігурант.
фігура́цыя, ‑і, ж.
Спец. Ускладненне асновы музычнага твора шляхам увядзення фігур (у 6 знач.).
[Лац. figuratio — наданне формы, вобразнае выяўленне.]
фігу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Памянш.-ласк. да фігура (у 2, 3 і 4 знач.); маленькая фігура.
фігу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.
2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.
3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.
4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.
5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.
•••
Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.
Фігурныя дужкі гл. дужка.
фігуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які займаецца фігурным катаннем. Рукі [Паўла] былі пластычныя, прыгожыя, нібы ў гімнаста-фігурыста, і Валя, выпадкова зірнуўшы ў акно, залюбавалася. Шыцік.
фігуры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так, ж.
Жан. да фігурыст.
фігу́рысты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Складаны па форме. Вокны ў дамах — з фігурыстымі разнастайнымі ўзорамі. Новікаў.
2. Які мае прыгожую фігуру (у 2 знач.). — Нічога дзяўчына, сакаўная і фігурыстая. Колас.
фідэі́зм, ‑у, м.
Ідэалістычны напрамак у буржуазнай філасофіі, які адмаўляе навуковае пазнанне свету і замяняе яго рэлігійнай верай.
[Ад лац. fides — вера.]