Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

феерве́ркер, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай рускай арміі — унтэр-афіцэр артылерыі.

[Ням. Feuerwerker.]

фееры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца феерыяй. Феерычная камедыя.

2. перан. Казачны, чароўны. Калі чорнае шкло загарадзіла ілюмінатар, падарожнікі ўбачылі сапраўды феерычную карціну. Гамолка. // Разм. Надзвычайны, дзівосны. Феерычная хуткасць.

фее́рыя, ‑і, ж.

1. Тэатральны спектакль, цыркавы наказ з казачным сюжэтам, раскошнымі дэкарацыямі і рознымі сцэнічнымі эфектамі. [«Лясная песня» Л. Украінкі] не п’еса, не драма, не феерыя нават, а вялікая паэма жыцця гэтай лясной і вадзяной зямлі. «Полымя».

2. перан. Чароўнае, казачнае відовішча. У гэтай паўночнай феерыі, у багацці вады і неба, у шчодрасці рукатворнай прыгажосці не было нічога ад горада-цмока, горада-драпежніка, што паступова аблытаў шчупальцамі дарог цела сваёй ахвяры — зямлі. Караткевіч.

[Фр. féerie.]

фейхо́а,

1. Кустовая вечназялёная расліна сямейства міртавых.

2. Плод гэтай расліны з моцным пахам, які напамінае пах суніц, ананаса.

[Ісп. Feijoa.]

фека́ліі, ‑лій; адз. фекалія, ‑і, ж.

Спец. Сумесь цвёрдых і вадкіх спаражненняў чалавека.

[Ад лац. faex, faecis — асадак, адстой.]

фека́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да фекалій, з’яўляецца фекаліямі. Фекальныя масы. // Які мае ў сваім саставе фекаліі. Фекальныя ўгнаенні. // Прызначаны для фекалій. Фекальныя помпы.

фела́х, ‑а, м.

Аседлы селянін у краінах Аравійскага паўвострава і ў Егіпце.

[Араб.]

фела́хскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фелахаў. Фелахскі звычай.

фело́нь, ‑і, ж.

Тое, што і рыза (у 1 знач.).

фельд’е́гер, ‑а, м.

Ваенны або ўрадавы кур’ер для дастаўкі вельмі важных, сакрэтных папер, дакументаў. Праз год, у 1826 годзе, Пушкіна з фельд’егерам даставілі да цара... Шырма.

[Ням. Feldjäger.]