фацэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Камічны, забаўны. На гэты раз дзверы расчыніліся болей урачыста, павольна і стала, і парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць штацкага чалавека. Колас. Ва ўкраінскім мястэчку, куды, асмялеўшы, Сяргей завітаў, цырульнік зрабіў яму фацэтную прычоску. Навуменка.
фацэ́ція, ‑і, ж.
1. Жартоўнае апавяданне, распаўсюджанае на Захадзе ў эпоху Адраджэння і ў Расіі ў канцы 17 ст.
2. Разм. Пацеха, смехата. Барада Мілеўскага была прадметам жартаў і насмешак з боку настаўнікаў, але ён не зварачаў на гэта ўвагі, сам смяяўся і тлумачыў, што бараду ён носіць для «фацэціі». Колас. [Кандрат:] — Гэта ж трэба такая фацэція: Андрэй Ермаліцкі — мой сват. Грахоўскі.
[Ад лад. facetia — жарт, досціп.]
фашызава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад фашызаваць.
фашызава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) фашысцкім.
2. толькі незак. Зал. да фашызаваць.
фашызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Увесці (уводзіць) фашызм; арганізаваць (арганізоўваць) што‑н. на фашысцкі ўзор. Фашызаваць паліцыю.
фашыза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фашызаваць.
фашы́зм, ‑у, м.
Тэрарыстычная дыктатура найбольш рэакцыйных імперыялістычных сіл, якая імкнецца да знішчэння дэмакратыі і развязвання захопніцкіх войнаў. І вельмі часта прыходзіла думка, як у такім багацці фарбаў і гукаў, як на такой раскошна прыгожай зямлі магла зарадзіцца такая, да жудасці і смеху дзікая, гніль — фашызм?! Брыль.
[Іт. fascismo.]
фашы́на, ‑ы. ж.
Спец. Звязаны пучок хворасту, чароту для ўмацавання насыпаў, плацін, дарог і пад. Сёлетняй жа восенню меркавалася хоць бы давесці да ракі і прывесці ў парадак магістраль — разбурыць пабудаваныя ў пачатку вайны завалы, расчысціць і ўмацаваць фашынай рэчышча, дзе-нідзе кранутае плывуном. Краўчанка.
[Ням. Faschine ад лац. fascis — вязка прутоў, пучок.]
фашыніза́цыя, ‑і, ж.
Спец. Умацаванне плацін, дарог і пад. шляхам абнясення фашынамі. Фашынізацыя насыпу.
фашы́ннік, ‑у, м., зб.
Спец. Хвораст, чарот, з якіх вяжуць фашыны.