фаталі́зм, ‑у, м.
Кніжн. Вера ў непазбежны лёс. Марксісцкай ідэалогіі чужы не толькі гістарычны фаталізм, але і пасіўны аб’ектывізм у падыходзе да з’яў рэчаіснасці. Перкін.
[Ад лац. fatalis — наканаваны; фатальны.]
фаталі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Кніжн. Чалавек, які верыць у непазбежнасць лёсу. Баракаў успомніў бочкі з порахам у скляпеннях і здрыгануўся. — Жыццё вам, спадзяюся, не абрыдла? [Князь:] — Я фаталіст. Трапіць дык трапіць. Караткевіч.
фаталі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Кніжн. Жан. да фаталіст.
фаталісты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць фаталістычнага.
фаталісты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фаталізму; заснаваны на фаталізме. Фаталістычнае бяздум’е ляжала на абліччы яго [дзеда]. Чорны.
2. Няўхільны, непазбежны.
фата́льны, ‑ая, ‑ае.
Непазбежны, немінучы; быццам прызначаны лёсам. Фатальны збег акалічнасцей. □ І заўсёды нейкае фатальнае супадзенне і паслядоўнасць: Валатовіч — Лемяшэвіч... Шамякін. // Які выяўляе нешта наканаванае. [Гюнтэр] зарагатаў.. І ў гэтым смеху было нешта злавеснае, фатальнае, што ў пісара і ардынарца прабег мароз па скуры. Дамашэвіч.
фата́рый, ‑я, м.
Спец. Святлолячэбны кабінет для правядзення групавога светлавога і цеплавога абпраменьвання лячэбнага і прафілактычнага характару.
[Ад грэч. phōs, phōtos — святло.]
фатаўскі́, ‑ая, ‑ое.
Уласцівы фату. Фатаўскія вусікі.
фатаўство́, ‑а, н.
Паводзіны, учынкі, выгляд фата. А потым Франс. Гэты з-за фатаўства закрывацца не будзе. Тут прасцей. Проста [выстраліць] у гэты высокі бледны лоб. Проста туды. Караткевіч.