Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фатава́тасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць фатаватага.

фатава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Схільны да фатаўства. // Які выражае фатаўство. Фатаваты выгляд.

фатаграфава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фатаграфаваць.

фатаграфава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад фатаграфаваць.

фатаграфава́цца, ‑фуюся, ‑фуешся, ‑фуецца; незак.

1. Разм. Адлюстроўвацца на фатаграфіі (у 2 знач.). Дзе яны [хлопцы] узялі фота — не мог даўмецца я. Нарэшце, здагадаўся: мусіць, узялі ў таго фатографа, перад апаратам якога мы садзіліся па чарзе фатаграфавацца для альбомаў. Сабаленка.

2. Зал. да фатаграфаваць.

фатаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., каго-што.

Адлюстроўваць на фотаплёнцы, на фатаграфіі. І ўсё ж шмат было незразумелага, і гэта трывожыла Сяргея. Для чаго яго фатаграфавалі з аўчаркай? Шахавец. Як толькі званы заціхлі, турысты хапіліся за свае фотаапараты, пачалі фатаграфаваць званіцу, уваход у храм, дворык. Краўчанка. // перан. Вельмі дакладна, натуралістычна перадаваць, капіраваць што‑н. (у мастацкай творчасці).

фатаграфі́зм, ‑у, м.

Вельмі дакладная, літаральная перадача каго‑, чаго‑н. у мастацкай творчасці з празмернай дэталізацыяй без абагульнення. Элементы фатаграфізму ў графіцы.

фатаграфі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фатаграфічнага.

фатаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фатаграфіі (у 1 знач.). Фатаграфічная прамысловасць. // Прызначаны для фатаграфіі, які служыць для фатаграфавання. Фатаграфічная пласцінка.

2. Атрыманы пры дапамозе фатаграфавання. Фатаграфічны партрэт. □ Убранства пакоя дапаўняла ці то карціна, ці то фатаграфічны здымак старой яўрэйскай сям’і. Мурашка.

3. перан. Такі, як пры фатаграфаванні; вельмі дакладны. Сустракаюцца ў ранніх творах Чорнага элементы натуралізму. Аўтар часам з фатаграфічнай дакладнасцю перадае пэўны жыццёвы факт, здарэнне або выпадак з чалавекам. Кудраўцаў. // Вельмі дакладны, натуралістычны. Фатаграфічнае адлюстраванне рэчаіснасці.

фатагра́фія, ‑і, ж.

1. Атрыманне вобразаў прадметаў на святлоадчувальных матэрыялах пры дапамозе аптычнага апарата пад уздзеяннем светлавых прамянёў. Каляровая фатаграфія. Маментальная фатаграфія. // Мастацтва, майстэрства ўзнаўлення каго‑, чаго‑н. такім чынам. Захапляцца фатаграфіяй.

2. Фатаграфічны адбітак каго‑, чаго‑н.; здымак. Напаследак спынілася.. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго даччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе. Зарэцкі. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак. // перан. Дакладная перадача чаго‑н. — Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. Колас.

3. Майстэрня, дзе займаюцца фатаграфаваннем. Не памятаю, з якой прычыны мы пайшлі ў фатаграфію зрабіць сямейны здымак. А. Александровіч.

4. чаго. Спец. Назіранне і фіксацыя якіх‑н. дзеянняў, падзей. Фатаграфія рабочага дня.