Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фасо́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фасолі. Фасолевыя стручкі. // Прыгатаваны з фасолі. Тут [у рэстаране] надавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу. Пестрак.

фасолеўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ўборкі фасолі. Фасолеўборачная машына.

фасо́ліна, ‑ы, ж.

Адно зерне фасолі. Дзядзька адлічыў сто фасолін, разлажыў на адзінаццаць кучак. Выйшла па дзевяць штук у кучцы і адна фасоліна лішняя. С. Александровіч.

фасо́ль, ‑і, ж.

Абл. Фасоля. Там, калі над пушчамі Навісала золь, Рукі яе [матчыны] лушчылі Боб, гарох, фасоль. Куляшоў.

фасо́ля, ‑і, ж.

1. Травяністая аднагадовая расліна сямейства бабовых. Паніка за .. [Віктарам] сачыў, пакуль таго не схавалі сланечнікі і тычкавая фасоля. Карпюк. [Мужчына:] — У нас быў свой агарод — бульба, фасоля. Васілевіч.

2. зб. Насенне гэтай расліны, якое выкарыстоўваецца для ежы. [Ганна] адышлася ад акна, на якім перабірала фасолю. Чорны.

фасо́н, ‑у, м.

1. Форма, крой, па якіх пашыта што‑н. (адзенне, абутак, галаўныя ўборы). З кабінкі вылез прысадзісты, чырванатвары чалавек, апрануты ў жоўты, вайсковага фасону фрэнч. Навуменка. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў. Жычка. // Знешні выгляд, форма (прадмета, вырабу і пад.). На незнаёмцы была яркая шарсцяная кофтачка, якая сваім фасонам нагадвала дзіцячую матроску і дужа пасавала жанчыне. Васілёнак.

2. Разм. Пэўны спосаб, манера. Ад гэтага запытання я страпянуўся, зірнуў на чалавека з рудой, калматай, але падраўнянай пад нейкі фасон барадой, у брызентавым плашчы з настаўленым башлыком, быццам чалавек сабраўся на дождж. Сабаленка.

3. Разм. Паказная франтаватасць; шык. З кавалерскім фасонам і з блазенскім сорамам Лёня пакланіўся і, узняўшы вочы, сумеўся ад той амаль зусім звычайнай дзявочай усмешкі. Брыль. [Стрэлачнік:] — Ну і рабацяга знайшоўся! Толькі і ведае — кастыль ды гайкі, дый молат для фасону насіць. Лынькоў.

•••

Трымаць фасон гл. трымаць.

[Фр. façon.]

фасо́ністы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Прыгожага, моднага фасону. Між.. [мужчын] быў і Руды Андрэй, акуратна паголены... у фасоністай гарадской шапцы, — першы ў Куранях палітык і прамоўца. Мележ. У кабінеце дырэктара на сцяне віселі ўзоры прадукцыі — фасоністыя жаночыя сукенкі з рознакаляровага квяцістага шоўку. Ус. // Вычварнага фасону. [Волечка:] — Ён не любіць нічога фасоністага. Калі прасцей — падабаецца. Савіцкі.

2. Фарсісты, франтаваты (пра чалавека). Юля заўважыла, што між сяброў Станіка Ралан быў як бы першым нумарам. Культурны, фасоністы. Грамовіч.

фасо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм. Трымацца з фасонам (у 3 знач.); фарсіць. Косцік, звесіўшы свой бялявы хвалісты чуб на мяхі, фасоніў доўга. Яго ўжо некалькі разоў прасілі дзяўчаты сыграць, а ён быццам і не чуе. Сяркоў.

фасонналіце́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з фасонным ліццём, адліўкай дэталей машын і вырабаў. Фасонналіцейны цэх.

фасо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Зроблены па пэўнаму фасону, узору. Фасонная абточка. □ Лабуда апраўдваўся, звальваў віну на слесараў, якія да гэтага часу не падалі ім нейкай там фасоннай трубы ... Краўчанка. // Звязаны з вытворчасцю такіх вырабаў. Фасонныя работы. Фасоннае ліццё. // Прызначаны для вырабу такіх рэчаў. Фасонны разец.

2. Спец. Рэльефны або ціснёны (пра тканіны). Фасонны аксаміт.

3. Разм. Тое, што і фасоністы.