Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уцяжны́, ‑ая, ‑ое.

Спец.

1. Які ўцягвае, убірае ў сябе. Уцяжны рукаў помпы.

2. Які ўбіраецца, уцягваецца. Уцяжныя кіпцюры драпежных жывёл.

уцяка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. уцякаць ​2 — уцячы ​2 (у 1–3 знач.); уцёкі.

уцяка́ць 1, ‑ае; незак.

Упадаць (пра раку, ручай і пад.). Ручай уцякае ў рэчку.

уцяка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уцячы ​2.

уцяка́ч, уцекача, м.

1. Той, хто ўцякае або ўцёк адкуль‑н. У [партызанскія].. рады ўліваліся ўсё новыя і новыя людзі — калгаснікі, абкружэнцы, уцекачы з нямецкага палону. М. Ткачоў.

2. Разм. Тое, што і бежанец.

•••

Даць (задаць) уцекача — тое, што і даць (задаць) дзёру (гл. даць).

уцяка́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да уцякач.

уця́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што і з дадан. сказам.

Разм. Зразумець сэнс, змест чаго‑н. Пытанне прагучала нечакана, і Вера не адразу ўцяміла, пра што гаворыць вяснушкаваты, кірпаносы хлапец. Асіпенка. Маці ніяк не магла ўцяміць усяго таго, што так нечакана здарылася. Ставер. // Поўнасцю, да канца ўсвядоміць што‑н. Прашу, калегі, цвёрда ўцяміць Святую мудрасць даўніх год: Малая кропля крышыць камень, Цярплівасць — сцены перашкод. Бачыла.

уцямне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. безас. Сцямнець. Увечары, калі ўжо добра ўцямнела, Мікола прыйшоў пераведаць маці. Сабаленка.

2. Учарнець, схуднець (ад перажыванняў, хваляванняў і пад.). Ён уцямнеў з твару, прыгорбіўся: яшчэ ніколі не здаралася Лугавому сутыкацца з такой не па-дзіцячаму яраснай чалавечай помстай. Даніленка.

уцяпле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уцяпляць — уцяпліць.

уцяплі́ць, уцяплю, уцепліш, уцепліць; зак., што.

Зрабіць больш цёплым, засцерагчы чым‑н. ад уздзеяння холаду. Уцяпліць ферму. □ Хату.. [Антось] уцяпліў, зрабіўшы прызбу да самых вокнаў, на столь нацягаў кастрыцы і пяску. Чарнышэвіч.

уцяпля́льнік, ‑а, м.

Матэрыял, які выкарыстоўваецца для ацяплення.