Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уця́гнены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уцягнуць.

уця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уцягнуць.

уцягну́цца, уцягнуся, уцягнешся, уцягнецца; зак.

1. Прасунуцца ў вузкую адтуліну. Нітка ўцягнулася ў іголку.

2. Прыняць удзел у чым‑н. [Сымон] пакрысе ўцягнуўся ў гаворку і нарэшце сам пачаў гаварыць гладка і цікава. Чорны. Вера шмыгнула да сваіх кароў. Не хацелася ёй адказваць на кпіны, каб не ўцягнуцца ў пустую балбатню. Гаўрылкін.

3. перан. Паступова прывыкнуць, прызвычаіцца да чаго‑н.; асвоіцца з чым‑н. Уцягнуцца ў работу. □ [Павел Іванавіч:] — Канешне, на першых часах нялёгка будзе, але пачнеш вучыцца, уцягнешся, і ўсё стане на сваё месяца. Кулакоўскі. Часам.. бывае так, што от чалавек нясе ношку, і хоць яна нялёгкая, аднак уцягнецца і нясе. Сабаленка.

4. перан. Прыахвоціцца да чаго‑н. — Так уцягнуўся Анціп у гарэлку — рады няма, — казаў Архіп Архіпавіч. Сіняўскі.

уцягну́ць, уцягну, уцягнеш, уцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, завалачы, увалачы каго‑, што‑н. у што‑н. Уцягнуць сані ў вазоўню. □ Абедзвюма рукамі Аўгіння падхапіла цяжкае цела і ўцягнула ў хату. Дзятлаў. // Сілаю ўвесці ў якое‑н. памяшканне, унутр чаго‑н. — Біттэ, біттэ, — зноў запрасіў.. немец у акулярах, а другі, у жоўтых скураных пальчатках, узяў Раю за руку і сілаю ўцягнуў у машыну. Арабей.

2. Усунуць у якую‑н. адтуліну што‑н. Уцягнуць нітку ў іголку. □ І ніхто нават не згледзеў, як уцягнула.. [бабіна дачка] ў чар[а]ціну моцны сталёвы прут. — Ідзі, — кажа ўдовінаму сыну. Ён і пайшоў па чар[а]ціне. Якімовіч. // Зашнураваць. Уцягнуць шнуркі ў чаравікі.

3. Удыхнуць. Пярэдні мамант падняў угару хобат, з шумам уцягнуў паветра і затрубіў. В. Вольскі. Нос казытала свежая, толькі што скошаная трава, якая пачынала ўжо набываць пах сена. Міхась уцягнуў у лёгкія саладкаваты ап’яняючы водар. Дамашэвіч.

4. Утуліць, увабраць унутр (галаву, шчокі, жывот і пад.). Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе. Чорны. [Алег] скурчыўся, уцягнуў шыю ў плечы, але не пакідаў сачыць за ракой. Гамолка. Сотнікаў ўцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да.. спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Быкаў. // безас. Запасці. Яму ўцягнула жывот. Шчокі ўцягнула.

5. перан. Угаварыць, схіліць каго‑н. уступіць у што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Уцягнуць таварыша ў драмгурток. Уцягнуць у спрэчку. □ Як хлопцы ні стараліся ўцягнуць мяне зноў у сваю кампанію, я не паддаваўся. Сабаленка. На кавалкі разрывалася Дуня, каб стварыць атмасферу весялосці і ўцягнуць у яе малазнаёмага тут новага настаўніка. Колас.

уцяжа́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уцяжарыць.

уцяжа́рвальнік, ‑а, м.

Спец. Рэчыва, якое служыць для ўцяжарвання чаго‑н. Уцяжарвальнікі гліністага раствору.

уцяжа́рванне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уцяжарваць — уцяжарыць.

уцяжа́рвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да уцяжарваць.

уцяжа́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уцяжарыць.

уцяжа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Кніжн. Зрабіць цяжэйшым. Уцяжарыць прэс. Уцяжарыць канструкцыю.