Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.

1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.

2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.

уска́кванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. ускакваць — ускочыць (у 1–3 знач.).

уска́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускочыць (у 1–3 знач.).

ускаламу́ціцца, ‑муціцца; зак.

Стаць, зрабіцца каламутным; замуціцца (пра ваду, вадкасць). То дзьме «марапа» — вецер з поўдня, гонячы невысокія пеністыя хвалі, то раптам пачынае лютаваць шалёны «норд» і так расхвалюе мора, што яно ўскаламуціцца аж да дна. Хомчанка.

ускаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак.

1. што. Зрабіць каламутным; замуціць (ваду, вадкасць). Першыя купальшчыкі так ускаламуцяць ваду, што ніхто не захоча больш лезці. Пальчэўскі.

2. перан.; каго-што. Вывесці са стану спакою, усхваляваць. Гэты чалавек не толькі нечым кінуўся.. [Галі] ў вочы. Сваім праніклівым позіркам, здавалася, ён зірнуў ёй у душу і там усё ўскаламуціў, узрушыў. Сабаленка. Страшна.. [Антанюку] парушыць свой пенсіянерскі спакой, ускаламуціць абывацельскую самазадаволенасць жонкі, дачок. Шамякін.

ускаламу́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ускаламуціць.

ускаламу́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. ускаламучваць — ускаламуціць (у 1 знач.).

ускаламу́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ускаламуціцца.

2. Зал. да ускаламучваць.

ускаламу́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускаламуціць.

ускалма́ціцца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑маціцца; зак.

Стаць, зрабіцца калматым; узлахмаціцца, растрапацца. Чорныя бліскучыя валасы рассыпаліся, ускалмаціліся, але маці ні на што не звяртала ўвагі. Мележ.