уру́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уручыць.
уруча́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да уручаць.
уруча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уручыць.
уручну́ю, прысл.
Ручным спосабам, без выкарыстання машын. Шыць уручную. □ [Перчанка:] — Усё давялося рабіць уручную: араць, сеяць, касіць, жаць, малаціць. Жычка.
уручы́ць, уручу, уручыш, уручыць; зак., каго-што, каму-чаму.
Перадаць з рук у рукі, аддаць асабіста каму‑н. Уручыць пісьмо. Уручыць тэлеграму. Уручыць дыплом. □ [Пісар:] — Прабачайце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. / Пра медалі, ордэны. Перад вечарам генерал уручыў узнагароды. Мележ. // перан. Даверыць. Нам Радзіма ўручыла скаткі, Аўтаматы і спакой граніц. Бураўкін.
уручэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. уручаць — уручыць.
уры́вак, урыўка, м.
Тое, што з’яўляецца часткай чаго‑н. цэлага. Добра памятае.. [Васілёк] толькі дым, агонь, крыкі, плач, страляніну, грукат і ўрыўкі некаторых падзей. Маўр. Непрыкметна для самога сябе Аляксей пачаў у думках то спрачацца, то згаджацца з кім-небудзь з калгаснікаў. Паплылі разрозненыя ўрыўкі сённяшняга сходу. Пальчэўскі. // Невялікая частка якога‑н. тэксту, твора і пад. Зборы ператварылася ў нешта накшталт літаратурных вечароў: чыталі вершы, урыўкі з кніг. Шамякін. У Пятай сімфоніі [Р. Пукста] ўрыўкі з розных тэм аб’яднаны. Дубкова.
урыва́цца 1, ‑аецца.
Незак. да урыцца.
урыва́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уварвацца.
2. Зал. да урываць.
урыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уварваць, урваць.
уры́вачны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які адбываецца ўрыўкамі. Урывачныя сустрэчы. // Няпоўны, які складаецца з урыўкаў. Урывачныя звесткі.