Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уро́н, ‑у, м.

Страта, шкода. У гады першай сусветнай вайны, а затым замежнай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны прамысловасці Беларусі быў нанесен значны ўрон. «Весці». [Аляксей:] — Для нашай гаспадаркі.. [пазыка суседзям] урону не зробіць, а людзям падтрымка вялікая. Пальчэўскі.

уро́скід, прысл.

Тое, што і уроскідку. На правадах, што без журботы, Вятроў чакаючы, звіняць, Бы на лінейках роўных ноты, Уроскід ластаўкі сядзяць. Ляпёшкін.

уро́скідку, прысл.

Разм.

1. Раскідаючы ногі. Ззаду за Андрэем калдыбаў уроскідку Юрка Даліна. Пташнікаў.

2. Паасобку, раскідана. Бярвенне ляжала ўроскідку. □ Неўзабаве паказаліся між дрэў уроскідку белыя камяніцы. С. Александровіч.

уро́слы, ‑ая, ‑ае.

Які ўрос. Урослыя ў снег дубы паніжэлі, адрузлі, сталі старыя і непрыязныя. Зарэцкі.

уро́ссып, прысл.

1. У розныя бакі. Бегчы ўроссып. □ Куры ашалела кінуліся ўроссып, далей ад небяспекі. Шыловіч.

2. Асобна, не разам. На доўгіх століках, уроссып, Як карапузы-хлапчукі, Нядаўна вымытыя ў росах, На сонцы спяць баравікі. Гілевіч. Стануць уроссып касцы на палосах, рушыць да бою працоўная раць. Машара.

уро́ссыпку, прысл.

Тое, што і уроссып.

уро́чны, ‑ая, ‑ае.

Устаноўлены паводле пэўнай умовы. Урочная работа.

уро́чышча, ‑а, н.

Любая частка мясцовасці, якая адрозніваецца чым‑н. ад навакольных тэрыторый і звычайна мае сваю назву. Урочышча ляжала паміж лесу і імшарын, убаку ад дарогі, а да самай бліжэйшай вёскі было кіламетраў шэсць. Ракітны. Увесь Маргоўскі лес падзяляўся на ўрочышчы, якія мелі свае назвы. Чарнышэвіч. Да ўрочышча Затонь было недалёка, і Парфенчык убачыў дым, які ўздымаўся над лесам. Шчарбатаў.

уру́б, ‑а, м.

Спец. Шчыліна, прабітая ў горнай пародзе, каб лягчэй было адколваць яе глыбамі.

уру́бавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць, прызначаны для ўтварэння ўрубаў. Урубавая машына.