упрыку́ску, прысл.
Адкусваючы цукар драбкамі (піць чай, кофе і пад.). Чай гаварылі густы, ажно чорны, рафінад не кідалі ў шклянкі — не было лыжачкі, пілі ўпрыкуску. Шамякін.
упры́сядкі, прысл.
Прысядаючы і папераменна выкідваючы ногі (танцаваць). Галуза зайграў, паступова паскараючы тэмп. З натоўпу выскачыў вусач і пусціўся ўпрысядкі, а потым закружыўся ваўчком. Гурскі. Свістуноў гоцаў ўпрысядкі перад Раманам Раманавічам, запрашаючы яго ў круг. Паўлаў. / у вобразным ужыв. За сталом працуем так актыўна, Аж ідуць упрысядкі насы! Барадулін.
упрыты́к, прысл.
Разм. Блізка, без прамежку, шчыльна прымыкаючы да чаго‑н. Моцныя дубовыя дошкі, без адзінай шчылінкі, збітыя ўпрытык, апаясвалі сядзібу хутара. Лупсякоў. Стол быў пастаўлены насупраць акна, упрытык да падаконніка; на стале стаяла гліняная паліваная ваза з пажухлымі кветкамі. Чыгрынаў.
упрэ́гчы 1, упрагу, упражэш, упражэ; упражом, упражаце, упрагуць; пр. упрог, упрэгла; заг. упражы; зак., каго.
1. Запрэгчы ў павозку, воз і пад. Сурвіла, не чакаючы больш фармальнага дазволу, шпарка ўпрог у аглоблі кабылу і рушыў на двор ратушы. Чорны.
2. перан. Разм. Уключыць у работу, прымусіць многа працаваць. Вы, Павел Андрэевіч, відаць, па злосці мяне ў дакладчыкі ўпісалі. — Прафесар зірнуў Будніку ў твар. — Я ж разумею, даклад вам даручалі, а вы і мяне ў яго ўпрэглі. Галавач.
упрэ́гчы 2, упрагу, упражэш, упражэ; упражом, упражаце, упрагуць; пр. упрог, упрэгла; заг. упражы; зак., што.
Тое, што і упражыць. Упрэгчы боб.
упрэ́гчыся 1, упрагуся, упражэшся, упражэцца; упражомся, упражацеся, упрагуцца; пр. упрогся, упрэглася; заг. упражыся; зак.
1. Запрэгчы сябе ў павозку, воз і пад. Узлажыўшы хамут з дугою на калёсы, Сяргей упрогся і пацягнуў у гай. Нікановіч.
2. перан. Разм. Уключыцца ў работу, многа і цяжка працаваць. Па духу пісьма можна было зразумець, што.. [Кудзельскі] на новым месцы ўжо абжыўся як след і па-сапраўднаму ўпрогся ў работу. Алешка. [Андрэй] вярнуўся перад жнівом дахаты і зноў упрогся ў ярмо на бацькавай гаспадарцы. Машара.
упрэ́гчыся 2, упражэцца; пр. упрогся, упрэглася; зак.
Тое, што і упражыцца.
упрэ́жаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад упрэгчы 1.
упрэ́жаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад упрэгчы 2.
упрэ́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які добра ўварыўся, згатаваўся на жары, невялікім агні.
2. Разм. Упацелы, упараны. Упрэлы конь.
упрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Добра ўварыцца, згатавацца на жары, невялікім агні. Каша ўпрэла. □ [Мяса] так упрэла ў печы, што стала ружовае. Палтаран.
2. Разм. Упацець, пакрыцца потам. Пакуль [Балашоў] дабраўся да Вірской вуліцы, аж упрэў. Новікаў.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць вільготным, сырым ад цяпла. Трава, нагрэтая сонцам,.. упрэла і цяпер патыхала аж сюды, на двор, саладкава і горача. М. Стральцоў.
упу́дзіцца, ‑дзіцца; зак.
Разм. Спудзіцца (пра коней). [Ячны:] — Кабыла ў.. [Цупрона] была наравістая. Упудзілася раз і панясла з Сымонавай гары. Брыль. Вяртаючыся дадому, Лісавета не села на воз, баючыся, што Ступае зноў упудзіцца і разнясе яе. Сабаленка.
упу́ск, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. упускаць — упусціць (у 1 знач.).