Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шматнацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

У склад якога ўваходзяць многія нацыі, народнасці; прадстаўлены многімі нацыямі, народнасцямі. Першая ў свеце шматнацыянальная дзяржава працоўных вырасла ў магутную дзяржаву, якая мае несакрушальны палітычны, эканамічны і абаронны патэнцыял. Машэраў.

шмато́к, ‑тка, м.

1. Абрэзак, абрывак (скуры, тканіны і пад.). Да прыходу Тараса.. [Зося і Маша] нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Шамякін. Ляжаў.. [Заранік] у невялікім пакойчыку на ложку, распрануты і накрыты коўдрай, пашытай з рознакаляровых шматкоў. Хадкевіч. // толькі мн. (шматкі́, ‑оў). Лахманы; кавалкі, кускі чаго‑н. Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі нейкія рваныя шматкі — так яго пасеклі кулямі і асколкамі. Карпюк. Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і пачаў таптаць яго нагамі. С. Александровіч.

2. Жмут чаго‑н. Ля лазовага карча ваўкі, напэўна, схапілі соннага зайчыка, бо на снягу былі відаць кропелькі крыві і валяліся шматкі поўсці. Федасеенка.

3. Асобны невялікі кавалак, камяк чаго‑н. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. Ля берага ад невялікіх хваль пагойдваліся шматкі наздраватай рудой пены. Гамолка. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Колас. // Пра невялікую, нязначную частку чаго‑н. Там-сям віднеў травы шматок Сярод пяскоў рудых. Астрэйка. На шэрым полі там-сям шматкі ярка-зялёнай азіміны, у лагчынах — ніцыя, без лістка вербы. Навуменка.

шматпавярхо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае некалькі ці шмат паверхаў. — Вось гэта будыніна! — затрымаўся.. [Саня] каля шматпавярховага дома і, прытрымліваючы за брыль шапку, агледзеў яго некалькі разоў з нізу да верху. Пальчэўскі.

шматпакаёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае некалькі або шмат пакояў. Шматпакаёвая кватэра.

шматпаку́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шматпакутнага.

шматпаку́тны, ‑ая, ‑ае.

Які перажыў, перанёс шмат пакут, выпрабаванняў. І глядзеў, ахмялеўшы ад радасці, я. Колькі трэба было, Шматпакутная маці — радзіма мая. Танк.

шматпла́навасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шматпланавага.

шматпла́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае некалькі ці шмат планаў; мнагапланавы. Шматпланавы сюжэт. □ Першымі, хто засвоіў.. прыёмы рознамаштабнага і шматпланавага ўвасаблення жыццёвых з’яў, былі рамантыкі. Бярозкін.

шматпло́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае зараз вялікі прыплод. Шматплодныя авечкі.

2. Які дае вялікі ўраджай пладоў. Шматплодная яблыня.

шматпляме́нны, ‑ая, ‑ае.

У склад якога ўваходзіць многа плямён, які складаецца з многіх, розных плямён.