Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шматлю́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шматлюднага. Шматлюднасць горада. Шматлюднасць сходу.

шматлю́дны, ‑ая, ‑ае.

З вялікім мноствам людзей; мнагалюдны. Шматлюдны горад. Шматлюдная аўдыторыя. □ У тую восень перавыбарчы сход у калгасе быў вельмі бурным і шматлюдным. Шчарбатаў.

шматля́мпавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае некалькі або шмат электронных лямп. Шматлямпавы радыёпрыёмнік. Шматлямпавая ўстаноўка.

шматма́ршавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае многа маршаў ​1 (у 4 знач.). Ад брацкіх магіл савецкіх воінаў да Заходняй Дзвіны па схілу высокага берага будзе спускацца прыгожая шматмаршавая лесвіца. «Звязда».

шматмато́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае некалькі матораў, рухавікоў; многаматорны. Шматматорны самалёт.

шматме́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікую колькасць месц для пасажыраў. Шматмесны аўтобус. Шматмесны самалёт.

шматме́сячны, ‑ая, ‑ае.

Які існуе, адбываецца на працягу многіх месяцаў. Толькі што здабылі вялікую перамогу — прарвалі шматмесячную блакаду. Мележ.

шматмільённы, ‑ая, ‑ае.

Колькасцю, коштам і пад. у шмат мільёнаў. Шматмільённы чытач Савецкага Саюза патрабуе гэтых [новых] кніг ад сваіх пісьменнікаў. Галавач.

шматмо́ўе, ‑я, н.

1. Аднолькава дасканалае валоданне некалькімі мовамі.

2. Наяўнасць некалькіх або многіх моў на дадзенай тэрыторыі.

шматмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з людзей, што гавораць на розных мовах. Любоў і дружба шчасце росцяць... Жывём шматмоўнаю сям’ёй, Як з братам брат, сястра з сястрой. А. Александровіч. Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі. І. Калеснік. // Які гучыць на розных мовах. Масква сустрэла беларусаў шматмоўным гоманам. «Полымя». Гучаць тыя песні шматмоўныя Пра вечары падмаскоўныя. Калачынскі.

2. Складзены на некалькіх мовах. Шматмоўны слоўнік. Шматмоўны даведнік.